“Спадзяюся, што Лукашэнка выканае свае абяцаньні”

Мікалай Младэнаў

Пра гэта 17 верасьня заявіў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Баўгарыі Мікалай Младэнаў.

Карэспандэнт агенцтва “Франс-Прэс” спытаў у яго, ці падтрымлівае міністар пасьля свайго візыту ў Менск сувязь зь беларускімі ўладамі і якую мае інфармацыю аб працэсе дэмакратызацыі ў гэтай краіне. Младэнаў адказаў:

“Што да Беларусі, то ў апошнія два дні новая група з 13 зьняволеных, якія былі арыштаваныя падчас акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, былі вызваленыя з турмы. Спадзяюся, што ўсе абавязаньні, узятыя на сябе прэзыдэнтам Лукашэнкам пры нашых сустрэчах, будуць выкананыя. Гэта ў інтарэсах Беларусі і ў інтарэсах тых грамадзянаў, якія былі арыштаваныя.

Для мяне надзвычай важна максымальна спрыяць таму, каб людзі, якія сядзяць у турмах, былі вызваленыя і маглі цалкам свабодна жыць у сваёй краіне, каб у будучыні пачаўся працэс кансалідацыі дэмакратыі і, як я спадзяюся, праз нацыянальны дыялёг адбывалася стварэньне шматпартыйнай эфэктыўнай сыстэмы. Гэта ў інтарэсах усіх, і, я думаю, павінна быць падтрымана ўсімі”.