Судзьдзя Аляксандар Федарцоў прыгразіў журналістам крымінальнай справай

Your browser doesn’t support HTML5

Першы дзень пасяджэньня. Выгляд залі. Камэнтар праваабаронцы Людмілы Гразновай.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксандар Федарцоў пад пагрозай крымінальнага перасьледу забараніў журналістам браць інтэрвію ў пацярпелых ад тэракту ў менскім мэтро.

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Аляксандар Федарцоў старшынюе ў судовым працэсе па абвінавачваньні Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава ва ўчыненьні выбуху ў менскай падземцы. Праваабаронцы і сьведкі выказваюць сумнеў у праўдзівасьці выстаўленых абвінавачаньняў.

На адкрыты працэс у залю суду, акрамя абавязковых удзельнікаў працэсу, дапусьцілі ўсіх ахвотных. Да журналістаў паставіліся з асаблівай увагай: у залі прысутнічалі прадстаўнікі айчынных і замежных СМІ, у тым ліку незалежных. Кожнаму прапанавалі прэс-рэліз, бэйдж і месца ў залі, але амаль пры кожным заставаўся прадстаўнік спэцслужбаў. Таксама ў залі не працаваў інтэрнэт і мабільная сувязь, а на пратэст аднаго з пацярпелых былі забароненыя фота- і відэаздымкі. На заканчэньне першай часткі дня судзьдзя Аляксандар Федарцоў забараніў журналістам браць інтэрвію ў пацярпелых — бо гэта будзе расцэнена як спроба ціску на суд і пацягне за сабой крымінальную адказнасьць. У неафіцыйнай размове некаторыя сьведкі і іх прадстаўнікі заяўлялі, што ня вераць у абвінавачаньне, якое пракурор Аляксей Стук толькі на адрас Дзьмітрыя Канавалава зачытваў паўтары гадзіны. Гаворыць маці юнака, які праз выбух застаўся без нагі, Алена:

«Мне падаецца, што агульнадаступна і дэталёва была сфармуляваная сутнасьць злачынстваў і іх колькасьць».

Карэспандэнтка: «Вы самі ці верыце ў тое, што гэтыя два чалавекі былі здольныя ўчыніць усе названыя злачынствы?».

«Не. Усё ж адназначна два чалавекі гэткую сэрыю злачынстваў не маглі ўчыніць. Гэта малаверагодна. Пэўна, яшчэ ёсьць тыя, хто іх падтрымліваў».

Судовае паседжаньне праходзіць у залі, якая вельмі нагадвае глядацкую — з шэрагамі сядзеньняў, якія падымаюцца ўгору, і са сцэнай, на якой — судзьдзі, пракуроры, абвінавачаныя ў клетцы і іх адвакаты. У адвакатаў і ў саміх абвінавачаных няма мікрафонаў, і тое, што яны кажуць, чуваць хіба толькі ў першых шэрагах. Прамовы ж іншых удзельнікаў працэсу ўзмацняюцца празь мікрафоны і дынамікі. Таксама цяжка было не заўважыць, што адзін з падсудных, Дзьмітрый Канавалаў, сядзеў у клетцы без шкарпэтак — у туфлях на босую нагу. Абвінавачаньне на яго адрас праваабаронца Людміла Гразнова пракамэнтавала гэтак:

Людміла Гразнова
«Пракурор гэтак шмат назваў фактаў, калі адбываліся выбухі, калі набывалі тратыл і іншае — гэта ў галаве ня ўкладваецца. І як гэтыя факты сьледчыя органы своечасова ня выявілі і не прыцягнулі да адказнасьці злачынцаў, таго ж Канавалава? Я не разумею, як гэта можна? Гэта азначае, што не працавалі сьледчыя органы, КДБ і міліцыя. Альбо тое, што зараз тут гаворыцца, — гэта нейкі спэктакль».

Яшчэ на пачатку судовага працэсу чацьвёра з 121 пацярпелага, якія прысутнічалі ў залі, хадайнічалі аб адтэрмінаваньні разгляду справы ў зьвязку з тым, што ня мелі дастатковай магчымасьці пазнаёміцца зь яе зьместам. Адзін зь іх — бацька пацярпелай дзяўчыны Аляксандар Круты — ад імя дачкі хадайнічаў, каб працэс адклалі, пакуль у Беларусі ня будзе скасаванае сьмяротнае пакараньне і ня ўведзены суд прысяжных. Аднак судовая калегія гэтыя хадайніцтвы адхіліла. Яшчэ адно хадайніцтва пацярпелага — абнародаваць біяграфіі ўдзельнікаў судовага працэсу — таксама засталося без задавальненьня. Праваабаронца Алег Волчак гэтак выказаўся пра пачатак працэсу:

Алег Воўчак
«Мяне адразу насьцярожыла, як хутка яны разгледзелі хадайніцтвы пацярпелых, якія законна заявілі пра перанос суду, паколькі не змаглі пазнаёміцца са справай. Я таксама падтрымліваю, што добра было б прымяніць суд прысяжных, бо справа складаная і супярэчлівая. І па-трэцяе, я ўпершыню бачу, каб было гэткае непаважнае стаўленьне да журналістаў — шантаж і пагрозы, па сутнасьці. Таксама добрае пытаньне задалі пра біяграфіі судзьдзяў. Я заўважыў, што адзін з народных засядацеляў удзельнічаў у працэсе па справе Мікалая Аўтуховіча. А пракурор Стук — гэта чалавек, які ў 2006 годзе распачаў справу супраць Аляксандра Казуліна і пасьля гэтага пайшоў на павышэньне».

Таксама некаторыя пацярпелыя і іх прадстаўнікі заявілі ў судзе, што дзяржава не выплочвае ім абяцаных сродкаў на лячэньне і яны пазбаўленыя сродкаў да існаваньня.