МУС Беларусі прапануе стражэй караць валютчыкаў

МУС Беларусі прапануе ўзмацніць адміністрацыйную адказнасьць за незаконнае скупляньне, продаж і абмен замежнай валюты.

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе замацаваць у законе магчымасьць канфіскоўваць усе грошы, якія ёсьць у валютчыка на момант зьдзяйсьненьня зьдзелкі.

Паводле цяперашняга Кодэксу пра адміністратыўныя правапарушэньні, незаконныя валютныя апэрацыі караюцца штрафам да ста базавых велічыняў. Адна базавая — 35 тысяч беларускіх рублёў. А канфіскуецца толькі сума, якая складае прадмет зьдзелкі.

Калі сілавым структурам дадуць права канфіскоўваць грошы, якія ёсьць у часе зьдзелкі, то ў шматлікіх выпадках будзе канфіскоўвацца ад 100 мільёнаў рублёў і болей, запэўніваюць прадстаўнікі МУС.

Сёлета за сыстэматычнае правядзеньне незаконных валютных апэрацыяў завялі больш за 30 крымінальных спраў, склалі больш за 740 адміністрацыйных пратаколаў, перадае БелаТА.