Вуліцы Маркса і Камсамольскую ў Менску зноў хочуць зрабіць пешаходнымі

Пратэст жыхароў на вул.Карла Маркса. 2008 год

"Да канца 2013 году, перад чэмпіянатам сьвету па хакеі, вуліцы К. Маркса і Камсамольская ў Менску павінны стаць пешаходнымі", — заявіў кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

Ладуцька адзначыў, што за два гады першыя паверхі будынкаў на гэтых вуліцах павінны напоўніцца "адпаведным узроўнем і зьместам".

Кіраўнік гарадзкой адміністрацыі даручыў прапрацаваць варыянты праекту з уладальнікамі адміністрацыйных і жылых памяшканьняў.

"Ня трэба адразу адсяляць жыхароў. Гэта павінен быць мяккі, але рашучы варыянт", — цытуе Ладуцьку БелТА.

У 2008 годзе ўлады Менску ўжо рабілі спробы адсяліць жыхароў дамоў па вуліцах Карла Маркса і Валадарскага.

Тады вуліцу Карла Маркса таксама хацелі зрабіць пешаходнай. Там плянавалі збудаваць трохзоркавы гатэль, казіно, гандлёвы цэнтар і аўтастаянку.

Аднак пасьля пратэстаў жыхароў улады Менску адмовіліся ад гэтых намераў.