Маці ахвяры 11 верасьня: «Мы нясем у сабе трагедыю ўсіх пацярпелых»

Дзесяць гадоў таму, 11 верасьня 2001 году каля трох тысяч чалавек загінулі ў выніку скаардынаваных удараў Аль-Каіды на ЗША. Тры чалавекі, якіх непасрэдна закранулі тыя падзеі, падзяліліся сваімі думкамі са «Свабодай».

Для сяброў і блізкіх тых, хто загінуў ў выніку нападаў тэрарыстаў 11 верасьня, вастрыня страты не прыглушаная часам.

У той дзень 36-гадовы Кэнэт Зэльман працаваў у офісе страхавой брокерскай кампаніі Marsh & McLennan ў паўночнай вежы Усясьветнага Гандлёвага Цэнтру. Тэрарысты накіравалі самалёт кампаніі American Airlines ў Паўночную вежу ў 8 гадзін 36 хвілінаў раніцы, паміж 93-ім і 99-ым паверхамі. Зэльмаен быў адным з 368 супрацоўнікаў кампаніі Marsh & McLennan, якія загінулі ў той дзень.
Я ня ведаю, чаму адміністрацыя не зрабіла празрыстымі інфармацыю, датычную фактаў, зьвязаных з 11 верасьня

Ягоны брат Бары правёў гэтыя дзесяць гадоў пасьля трагедыі ў пошуках адказу на пытаньне — як такое магло здарыцца? Адразу пасьля таго дня ён усталяваў кантакт зь іншымі сем’ямі ахвяраў, якія таксама пыталіся — чаму Амэрыка апынулася безабароннай?

Праз дзесяць гадоў Бары Зэльман ня ведае адказаў на ўсе пытаньні — у тым ліку і таму, што значная частка дакумэнтаў, якія тычацца тых падзеяў, да гэтага часу засакрэчаныя.

Зэльман: «Я ня ведаю, чаму адміністрацыя не зрабіла празрыстымі інфармацыю, датычную фактаў, зьвязаных з 11 верасьня. Там шмат рэчаў, на якія мы да гэтага часу ня маем адказаў.»

Эліс Кроўтэр дзесяць гадоў таму згубіла свайго 24-гадовага сына Уэліса, які працаваў у кампаніі Sandler O’Neil, што месьцілася ў Паўднёвай вежы.,

Кроўтэр: «Калі гэта здарылася, мы адчувалі толькі шок, страшэнны шок, мы не разумелі, што адбылося і што адбываецца. Спатрэбілася шмат часу, каб злучыць у адно ў сьвядомасьці дэталі той падзеі. Мы з мужам нясем у сабе трагедыю ўсіх пацярпелых у той дзень людзей, гэта глыбока ў нашых сэрцах. Гэта ніколі не пакіне нас».
Спатрэбілася шмат часу, каб злучыць у адно ў сьвядомасьці дэталі той падзеі

Рэйс 175 кампаніі United Airlines урэзаўся ў Паўднёвую вежу ў 9 гадзін 03 хвіліны, і праз некалькі імгненьняў Уэліс патэлефанаваў маці са свайго офісу і пакінуў паведамленьне на аўтаадказьнік «Мама, гэта Ўэліс. Я хачу, каб вы ведалі, што ўсё ў парадку».

Уэліс Кроўтэр быў абучаны ў якасьці пажарнага добраахвотніка, і праз дым, які запоўніў лесьвічныя клеткі, Уэліс уратаваў дзесяткі людзей. Ягонае цела было знойдзенае ў рэштках Паўднёвай вежы.

Сёньня ягоная маці кажа пра мужнасьць свайго сына.

Кроўтэр: «Ён нам пакінуў цудоўную спадчыну — бо ўратаваў шмат жыцьцяў».
Ён нам пакінуў цудоўную спадчыну — бо ўратаваў шмат жыцьцяў

Сын Алісы Гогланд таксама ўратаваў іншых, перш чым загінуў у самалёце, які быў угнаны тэрарыстамі. 31-гадовы Марк Бінгхэм быў пасажырам рэйсу United, у нейкі момант ён даведаўся, што самалёт захоплены тэрарыстамі і, верагодна, будзе выкарыстаны для атакі на Капітолій. Ён кінуўся ў кабіну пілёта разам з яшчэ некалькімі пасажырамі, якія вырашылі сарваць задумы тэрарыстаў. Самалёт не даляцеў да Вашынгтону і ўпаў у штаце Пэнсыльванія.

Перад гэтым Марк патэлефанаваў маці на аўтаадказьнік — у ягоных словах не адчувалася страху.

Ягоная маці Аліса Гогланд суцешаная тым, што сын даў адпор тэрарыстам, хаця і зрабіў гэта коштам свайго жыцьця.
гэта было сымбалічна для нас, тое, што той злы чалавек быў зьнішчаны

Гогланд: «Я ганаруся, што ім удалося змагацца. 11 верасьня сумны дзень, але суцяшаюся тым, што мой сын здолеў стаць плячом да пляча з некаторымі іншымі хлопцамі і рэальна зьмяніць падзеі, нават коштам свайго жыцьця».

Калі амэрыканскі спэцназ зьнішчыў лідэра Аль-Каіды Усаму бін Лядэна, Эліс Кроўтэр расплакалася:

«Гэта была вялізная палёгка, але гэта не была радасьць, і калі вы пагутарыце з сем’ямі ахвяраў 11 верасьня, вы даведаецеся, што мы проста лічылі неабходным пакараць гэтага чалавека. Мы ведаем, што застаюцца іншыя, хто адказны за тое, што адбылося, мы не наіўныя людзі і разумеем, што гэта яшчэ не канец. Але гэта было сымбалічна для нас, тое, што той злы чалавек быў зьнішчаны».