Магілёўшчына: Пэнсіянэру на апэрацыю ў Маскве аддалі перавод беларускімі рублямі

Жыхар Чэрыкава Мікалай Царкоў застаўся без расейскіх рублёў, якія яму даслала сястра з Краснаярскага краю на апэрацыю ў Маскве. На пошце райцэнтру перавод пэнсіянэру, хвораму на вочы, аддалі беларускімі рублямі па курсе Нацыянальнага банку. У Маскве ў інстытуце Гельмгольца ён павінен быць 12 верасьня. Для яго вызвалілася месца.

Да апэрацыі ён рыхтаваўся два месяцы — піў адмысловыя прэпараты, кажа жонка спадара Царкова Ніна Канстанцінаўна.

"Яго сястра, калі даведалася, што ў нас цяжка набыць расейскія рублі, а брат сьлепне, то вырашыла іх даслаць поштай. Даслала 5 тысяч расейскіх рублёў. Мы пайшлі на пошту, і нам далі замест расейскіх рублёў 880 тысяч нашых — па курсе 1 да 177. Афіцыйным курсе. Зь беларускімі рублямі куды ён паедзе? Дванаццатага чысла ён павінен быць ужо ў Маскве. На пошце нам сказалі, што нічым дапамагчы ня могуць. Сказалі, што ім загадана выплачваць пераводы толькі беларускімі рублямі. Я сёньня ўжо спрабавала датэлефанавацца ў дзяржкантроль, але туды не магу дазваніцца. Ня ведаю, хто нам можа дапамагчы. Квіток мы ўжо ў Маскву купілі".

У Мікалая Царкова хворыя два вокі. Каб уратаваць яго ад поўнай сьлепаты, неабходная апэрацыя. Раней на адным яе ўжо рабілі. Цяпер патрэбная яшчэ адна.