Палітвязень Ільля Васілевіч сустрэўся з бацькамі

Ільля Васілевіч

Палітзьняволены Ільля Васілевіч сустрэўся ў магілёўскай папраўчай калёніі № 19 з маці Тамарай і бацькам Леанідам. Размаўлялі праз шкло.

Спатканьне доўжылася блізу паўтары гадзіны, паведаміў Леанід Васілевіч:

«Ільля пасталеў. У яго погляды дарослага чалавека. Разважлівыя. Яму прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Прыходзілі супрацоўнікі нейкай спэцслужбы. Ільля адмовіўся. Сказаў, што гэта рашэньне сьвядомае й незваротнае. Паведаміў, што стаў апошнім часам рэгулярна атрымліваць лісты. Днямі атрымаў паштоўку з Канады. Неўзабаве будзе працаваць у швейным цэху. Прайшоў інструктаж па тэхніцы бясьпекі. Сказаў, што ведае пра „памілаваных“. Імёны вызваленых мы яму назвалі самі».

Пасьля спатканьня з сынам яго бацькі сустрэліся з прадстаўнікамі Магілёўскага абласнога камітэту дапамогі палітзьняволеным — праваабаронцамі Крысьцінай Шацікавай і Барысам Бухелем.

Ільля Васілевіч 6 жніўня адзначыў 20-годзьдзе. За ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі. Адлічаны зь Менскага політэхнічнага каледжу з фармулёўкай — «За пропускі навучаньня й удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». За Плошчу адседзеў 10 сутак у Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Разам з Васілевічам у папраўчай калёніі № 19 Магілёва сядзяць Алег Федаркевіч і экс-кандыдат на прэзыдэнцтва Дзьмітры Вус.

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.