Хадайніцтвы аб вызваленьні Бяляцкага адхіляюцца без тлумачэньня прычын

  • БелаПАН

Алесь Бяляцкі

Упраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (УДФР) Камітэту дзяржкантролю ў Менскай вобласьці і Менску не задаволіла хадайніцтва віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава з асабістай зарукаю аб вызваленьні Алеся Бяляцкага.

Пастанову аб адхіленьні хадайніцтва падпісала сьледчая аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня УДФР Тацьцяна Касынкіна, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Гэтае рашэньне яна матывуе тым, што падставаў для зьмяненьня меры стрыманьня Бяляцкаму няма. Чаму – у пастанове не тлумачыцца.

Павал Левінаў лічыць гэта парушэньнем часткі 3 артыкула 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, згодна зь якой у выпадку адмовы ў задавальненьні хадайніцтва орган, які вядзе крымінальны працэс, павінен матываваць сваё рашэньне. Віцебскі праваабаронца мае намер абскардзіць гэтую пастанову ў пракуратуры або праз суд.

Як паведамлялася раней, за вызваленьне Алеся Бяляцкага пададзена ўвогуле каля 600 хадайніцтваў беларускіх грамадзян і аўтарытэтных замежных дзеячоў. Усе яны ручаюцца, што арыштаваны праваабаронца ня будзе спрабаваць ўцячы ад сьледзтва ў выпадку вызваленьня з-пад варты.
Некаторыя з заручнікаў таксама атрымалі аналягічныя адмовы УДФР, дзе без усялякіх тлумачэньняў сказана: падставаў для зьмены Бяляцкаму абранай меры стрыманьня – няма.

Усё гэта сьведчыць пра палітычны характар крымінальнага перасьледу Бяляцкага, перакананы юрыст РГА "Беларускі Хэльсынскі камітэт" Гары Паганяйла. "Алесь Бяляцкі – чарговы закладнік улады. Яна такім чынам спрабуе прадэманстраваць, што будзе з праваабаронцамі, грамадзкімі актывістамі і актывістамі палітычных партыяў, якія ня спыняць сваёй дзейнасьці", – заявіў юрыст у камэнтары БелаПАН.
Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі РБ праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску ўвечары 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненьні да затрыманага абралі меру стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту. 12 жніўня праваабаронцу прад'явілі абвінавачаньне паводле артыкула 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры) і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі рэзананс. Вызваленьня праваабаронцы запатрабавалі кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і іншых дзяржаваў, міжнародныя праваабарончыя структуры, вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі.