12 жніўня – 55 гадоў Мікалаю Статкевічу

Мікола Статкевіч

55-ы дзень народзінаў экс-кандыдат на прэзыдэнта сустракае ў Шклоўскай калёніі. 26 траўня судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла Міколу Статкевіча за Плошчу на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Баранавіцкія актывісты, праваабаронцы, прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) наведалі Віктара Статкевіча, бацьку палітзьняволенага Мікалая Статкевіча.

Нагодаю стаў 55-гадовы дзень народзінаў Мікалая Статкевіча, які прыпадае на 12 жніўня. Як распавёў кіраўнік баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца, нягледзячы на свой паважны век, Віктар Статкевіч пачуваецца бадзёра і спадзяецца, што яшчэ дачакаецца сына з турмы.

84-гадовы бацька, які пражывае ў Баранавічах адзін Ён цікавіцца падзеямі ў краіне, чытае незалежную прэсу. Гасьцей спадар Віктар пачаставаў булкамі, якія напёк сам. Віктар Статкевіч расказаў, што Мікалай піша яму з турмы, два разы бацька з сынам гутарылі праз тэлефон.

Баранавіцкія актывісты выказалі Віктару Статкевічу маральную падтрымку ў цяжкі для яго час і пажадалі яму як мага хутчэй сустрэцца з сынам.

Павіншавалі баранавіцкія сацыял-дэмакраты і праваабаронцы і самога зьняволенага Мікалая Статкевіча, якому накіравалі дзьве тэлеграмы ў шклоўскую калёнію.