Праваабаронцы пасьля арышту Бяляцкага: "Мы падрыхтаваныя да гэтага"

Алесь Бяляцкі

У праваабарончым цэнтры "Вясна" сабралі больш за 100 подпісаў пад паручальніцтвамі за вызваленьне з-пад варты кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага, арыштаванага 4 жніўня. Алеся падазраюць у няплаце падаткаў у вялікіх памерах, за што яму пагражае да 7 гадоў турмы.

Праваабаронца з цэнтру "Вясна" Ўладзімер Лабковіч паведаміў "Свабодзе", што ніякіх сьледчых дзеяньняў з Алесем Бяляцкім на гэтым тыдні не праводзілася, а ўчора зь ім сустракаўся адвакат:

"Ён пачуваецца нармальна, бадзёра. Адвакат нічога ня можа распавядаць, бо ў яго ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. Алесь сядзіць з асобамі, якія таксама падазраюцца ў эканамічных злачынствах. Ён усім перадае вітаньні і прывітаньні. Безумоўна, ён ня лічыць сябе вінаватым, і ягоная пазыцыя застаецца такой самай".

Цэнтар "Вясна" паўстаў перад новым выклікам. Раней ён бараніў палітвязьняў, а цяпер дапамога патрэбная яму самому, каб дамагчыся вызваленьня Алеся Бяляцкага. Разам з тым цэнтар працягвае сваю праваабарончую дзейнасьць у ранейшым рэжыме, рэпрэсіі ўладаў не спынілі яе, кажа Ўладзімер Лабковіч:

"Абсалютна не. Мы гэта прагназавалі, мы падрыхтаваныя да гэтага. Хай тады садзяць усіх. Гэта адзінае, што можна сказаць: калі яны хочуць, каб "Вясна" не працавала — хай садзяць усіх. А ў іншым мы цалкам працягваем усю нашую працу, таму што ў іншым выпадку самая вялікая заўвага, якую мы б атрымалі б ад Бяляцкага, калі ён выйдзе, — пра тое, што мы завалілі ўсю нашую дзейнасьць".

Арышт Бяляцкага — сур'ёзны выклік для праваабарончай супольнасьці і сіл, якія падтрымліваюць дэмакратыю ў Беларусі, мяркуе праваабаронца, старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова. Яна ўпэўненая, што ні ў кога не выклікае сумненьня, што арышт Бяляцкага зьвязаны зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю, што гэта палітычна матываваны перасьлед.

Грамадзтву трэба падумаць, чаму праваабарончыя арганізацыі практычна ня маюць магчымасьці легальна і адкрыта працаваць у Беларусі
"Але тым ня меней склад злачынства, які яму інкрымінуецца, дастаткова складаны для размовы з грамадзтвам, у якім дзяржаўная прапагандысцкая машына будзе фармаваць думку пра несумленнасьць праваабаронцаў. Напэўна, грамадзтву трэба падумаць, чаму праваабарончыя арганізацыі практычна ня маюць магчымасьці легальна і адкрыта працаваць у Беларусі. А ў такой сытуацыі знаходзяцца абсалютна ўсе праваабарончыя арганізацыі, якія менавіта так і працуюць у Беларусі".

Алена Танкачова перакананая, што арышт Бяляцкага толькі ўмацаваў салідарнасьць сярод беларускіх і замежных праваабаронцаў. Уладам не ўдалося запалохаць калегаў Бяляцкага ягоным арыштам:

"Станем спакойна плячо да пляча. Будзем дамагацца вызваленьня Бяляцкага, будзем дамагацца ад эўрапейскіх і амэрыканскіх арганізацыяў больш скаардынаванай і прадуманай працы, зьвязанай з тэхнічным забесьпячэньнем падтрымкі незалежных ініцыятываў, у тым ліку праваабарончых".

Іншая актывістка праваабарончага руху Людміла Гразнова таксама перакананая, што рэпрэсіі ня спыняць працу праваабаронцаў:

"У нас другога выйсьця няма. Мы ўжо шмат гадоў ахвяруем сваімі кар'ерамі і амбіцыямі… Жыць у падпольлі ня вельмі добра. Але іншага шляху ў нас няма".

Легальная праца праваабаронцаў, у прыватнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту, які мае афіцыйную рэгістрацыю, не ратуе ад падатковых праблемаў. Улады дагэтуль вымагаюць ад БХК сплаціць падаткі з грантаў, якія камітэт атрымліваў ад Эўразьвязу праз праграму дапамогі ТАСІС.

Паводле судовых рашэньняў, БХК мусіць сплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай 75 тысячам даляраў ЗША. Нявыплата пагражае БХК пазбаўленьнем рэгістрацыі. Сёлета за нявыплату гэтых грошай БХК атрымаў папярэджаньне Мін'юста.