Станіслаў Багданкевіч: «У нас амаль 48% нізкарэнтабэльных прадпрыемстваў, вось іх і прыватызуйце»

Станіслаў Багданкевіч

На гэтым тыдні прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч выказаў намер прадаць актывы шэрагу буйных прадпрыемстваў расейскім інвэстарам. На тэму прыватызацыі мы пагутарылі з былым кіраўніком Нацбанку Беларусі, доктарам эканамічных навук, прафэсарам Станіславам Багданкевічам.

Радыё Свабода : Мясьніковіч агучыў сьпіс зь сямі буйных прадпрыемстваў, якія плянуе прадаць Расеі. І пакупнікі нібыта знайшліся, але некаторыя зь іх ужо зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Як вы пракамэнтуеце гэтыя заявы? Ці гэта палітычная гульня?

Багданкевіч: Я ня думаю, што гэта гульня. Для мяне непрымальна многае ў гэтай прыватызацыі. Па-першае, тое, што трэба рэформы ў эканоміцы праводзіць, а не прадаваць буйныя рэнтабэльныя прадпрыемствы і такім шляхам спрабаваць дастаць рэсурсы, каб нічога не рабіць для рэфармаваньня эканомікі. То бок захаваць status quo, захаваць тое, што ў нас ёсьць, атрымліваючы грошы ад расейскіх алігархаў. Па-другое, што гэта за перамовы ў цішыні кабінэта з расейскімі інвэстарамі? Павінны аб'яўляцца на ўвесь сьвет тэндэры, амбасады павінны паўсюль у цывілізаваным сьвеце паінфармаваць патэнцыйных інвэстараў. Выгадней для нас ня грошы расейскіх алігархаў атрымаць, а найноўшыя тэхналёгіі, кіраваньне больш сучаснае, рынак збыту. Усё гэта ёсьць у цывілізаваным сьвеце на Захадзе, а не на Ўсходзе. Сама ідэя прадаць буйныя, эфэктыўна працуючыя прадпрыемствы расейскім алігархам для таго, каб потым гэтыя грошы праесьці, абсалютна непрымальная. Яна не адпавядае інтарэсам беларускага народу і дзяржавы.

Радыё Свабода: То бок наш сувэрэнітэт пад пагрозай?

Багданкевіч: Так, безумоўна. Я не праціўнік удзелу Расеі ў прыватызацыі, бо адтуль ідзе сыравіна. Але той, хто набывае канчатковы прадукт, таксама мусіць удзельнічаць. Калі мы не захоўваем кантрольнага пакету ў нацыянальнай буржуазіі, у дзяржавы, то лепей, каб гэты кантрольны пакет быў у цывілізаванага сьвету, а не ў Расеі, якая можа нас паглынуць.

Радыё Свабода: Наколькі цікавыя нашы прадпрыемствы замежным інвэстарам?

Багданкевіч: Я думаю, з таго, што назваў Мясьніковіч, у большасьці яны даволі цікавыя. Скажам, прадукцыя “Гродна АЗОТ” ідзе ў асноўным на захад, а не на ўсход. Таму гэта будзе валютнае паступленьне. Расея можа перапыніць потым гэтую вытворчасьць, калі мы трапім у залежнасьць ад яе. Нафтапераапрацоўка, “Нафтан”, гэта таксама экспарт, які ідзе на захад. Гэта тое, чаго ня варта прадаваць, тое, што можна прадаць у апошнюю чаргу.

Радыё Свабода: На якія краіны можна было б арыентавацца Беларусі?

Багданкевіч: Перадусім на здаровы сэнс. Мы ведаем, што ўва ўсім сьвеце сёньня найбольш эфэктыўныя эканомікі – лібэральная і рынкавая. Трэба арыентавацца на тыя эканомікі, якія маюць невялікія дзяржаўныя выдаткі, то бок выдаткі бюджэту ў адносінах да валавога прадукту. Можна арыентавацца і на "азіяцкіх тыграў", і на Тайвань, Малайзію. Ну а найбліжэйшая да нас – Польшча, якая разьвівае сваю эканоміку і фактычна не перажывае крызісу. Яна змагла ажыцьцявіць структурныя зьмены, дасягнула ўзроўню заробкаў і пэнсій, якія больш як у тры разы вышэйшыя, чым у сучаснай Беларусі. Можна арыентавацца на Славаччыну, Чэхію. У гэтых краінах таксама ёсьць пэўныя недахопы. Галоўны зь іх – вялікая частка дзяржаўных выдаткаў, а гэта значыць вялікая колькасьць чыноўнікаў. І вялікія выдаткі, што бяруцца з рэальнага сэктару. А вось малыя выдаткі адносна бюджэту – каля 25-30 % у Сінгапуру, Малайзіі, Тайваню. Нават у Кітаю мацерыковая доля дзяржаўных выдаткаў да ўнутранага валавога прадукту складае 22 %, а ў Беларусі яна амаль 50 %. У нас засільле дзяржаўнага манапалізму, і гэта адлюстроўваецца на ўзроўні эфэктыўнасьці.

Радыё Свабода: А што да продажу «Беларуськалію», які Лукашэнка ацаніў на 30 мільярдаў?

Багданкевіч: Гэта народная ўласнасьць, рэнтабэльнасьць гэтага прадпрыемства складае 70-100%, гэта вялізарныя валютныя паступленьні. Таму ня толькі за 30 мільярдаў, за 130 мільярдаў нельга прадаваць «Беларуськалій». Гэта тое, што канкурэнтаздольнае. Трэба пачынаць прыватызацыю з прадпрыемстваў, якія маюць нізкую рэнтабэльнасьць.

Калійныя солі набываюць ува ўсім сьвеце. Нядаўна цэны на ўгнаеньні яшчэ падрасьлі. У нас ёсьць, што прадаваць, у нас амаль 48 % нізкарэнтабэльных прадпрыемстваў, на якіх дзяржава ня ўмее наладзіць вытворчасьць, каб атрымліваць высокія прыбыткі. Вось іх і прыватызуйце ў першую чаргу. А калі рэнтабэльнасьць калійных угнаеньняў настолькі высокая, што акупіць стварэньне новых камбінатаў за тры гады, навошта прадаваць такое прадпрыемства? “Беларуськалій” можа ствараць новыя прадпрыемствы, пад яго заўсёды дадуць крэдыты.