Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ТО ДОЖДЖ, ТО СОНЦА
У суботу пакрапае, 19 – 25°С. У нядзелю суха, 18 – 26°С.
НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:
16 ліпеня, субота
На хутары "Шаблі" (Валожынскі раён, вёска Малое Запрудзьдзе, 29а) адбудзецца музычны праект “Канцэрт на траве 2”, у якім возьмуць удзел гурты “У нескладовае”, “Akute”, “the Silicon” і выканаўца Vinsent. Пачатак у 18.00.
У паб-клюбе “Графіці” (Менск, завулак Калініна, 16) традыцыйна пройдзе джазавы вечар. У гэты дзень госьці змогуць атрымаць асалоду ад выступу гурту “The Road Dogs”, які выконвае песьні на ангельскай, польскай і расейскай мовах. У рэпэртуары калектыву як кавэр-вэрсіі, так і свае ўласныя творы. Пачатак вечарыны ў 18.00, канцэрту – у 19.00.
Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі (Прага, Старамесцкая плошча, 18.00).
17 ліпеня, нядзеля
У менскім паб-клюбе “Графіці” госьці змогуць паслухаць падваротна-стадыённы калектыў “Маланка аркестар”. Пачатак у 18.00.
У “Jack club” (Менск, вул. Няміга, 12) выступіць рок-група "ProSSpekt", створаная на базе Інстытуту журналістыкі БДУ ў лютым 2010 году. Пачатак у 21.30.
ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:
16 ліпеня
Татарстан. Заплянаваны пачатак апэрацыі для падняцьця патанулага цеплахода “Булгарыя”.
Фінляндыя. Візыт генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна (16 – 17 ліпеня).
Шанхай (КНР). Стартуе чэмпіянат сьвету па водных відах спорту (16 – 31 ліпеня).
17 ліпеня
Дубна (Маскоўская вобласьць). Стартуе чэмпіянат сьвету па водных іртах 2011 (17 – 24 ліпеня).
Сан-Тамэ і Прынсыпі. Прэзыдэнцкія выбары.
Турцыя. Візыт эўракамісара ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Штэфана Фюле.
Грэцыя. Візыт дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан (17 – 18 ліпеня).
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
16 ліпеня лічыцца днём пачатку падзелу агульнай хрысьціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. У гэты дзень у 1054 годзе рымскі папа Леў ІХ наклаў анафэму на канстантынопальскага патрыярха Міхаіла.
1872 – нарадзіўся Раальд Амундсэн, нарвэскі палярнік, падарожнік і першаадкрывальнік.
1918 – у Екацерынбургу бальшавікі расстралялі расейскага цара Мікалая II разам зь ягонай сям’ёй.
1979 – прэзыдэнтам Іраку стаў дыктатар Садам Хусэйн.
17 ліпеня
1399 – пакінула гэты сьвет польская каралева Ядвіга, жонка вялікага князя літоўскага Ягайлы. Іхны шлюб адбыўся пасьля заключэньня Крэўскай уніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам. З гэтага моманту найвышэйшыя кіраўнікі дзяржавы нашых продкаў часьцяком зьяўляліся яшчэ й польскімі каралямі. А было каралеве Ядвізе напрыканцы яе жыцьця ўсяго 25 гадоў. Зрэшты, і замуж у той час выходзілі раней, чым цяпер. Ядвіга ажанілася зь Ягайлам, маючы ўсяго 13 гадоў.
1924 – уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі. Краіна дзялілася на 10 акругаў і 100 раёнаў. Новы падзел быў зьвязаны з так званым узбуйненьнем БССР, калі Беларусі былі часткова вернутыя тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў.
1959 – нарадзіўся беларускі празаік Барыс Пятровіч, галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў”.
1975 – стыкоўка савецкага касьмічнага карабля “Саюз” і амэрыканскага “Апалён”. У самы разгар халоднай вайны гэтая падзея мела сымбалічны мірны характар, таму назва “Саюз-Апалён” хутка сталася гандлёвым брэндам, які да сёньня жыве ў назьве папулярных цыгарэт.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
16 ліпеня
Грузія, Дзень духоўнай любові.
Украіна, Дзень бухгальтара.
Украіна (Адэса), Дзень дыні.
17 ліпеня
Славаччына, Дзень незалежнасьці.
Фінляндыя, Дзень дэмакратыі.
Паўднёвая Карэя, Дзень канстытуцыі.
МІНУС 365:
Падушка — зброя маладзёнаў
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Людзі доўга не жывуць» – Барыс Пятровіч.