Зьміцер Дашкевіч і Наста Палажанка неўзабаве пажэняцца

Наста Палажанка, суд, 2011

Вясельле пройдзе восеньню ў калёніі у Горках, дзе лідэр "Маладога фронту" адбывае двухгадовае турэмнае пакараньне – пра гэта Радыё Рацыя ў лісьце паведаміў сам Зьміцер Дашкевіч.

Маладзёны вырашылі ўзаконіць свае адносіны, не чакаючы вызваленьня, і цяпер афармляюць усе неабходныя дакумэнты.

– Сьведкаў і вясельнага фатографа ў калёнію хутчэй за ўсё ня пусьцяць, аднак самі маладыя пасьля заключэньня шлюбу спадзяюцца атрымаць ад адміністрацыі дазвол на пазачарговае спатканьне, – распавяла Радыё Рацыя Настасься Палажанка.

Галоўная праблема на сёньняшні дзень, паводле маладых, тое, што канфіскаваны пашпарт Дашкевіча працягвае знаходзіцца ў КДБ: яго забралі падчас аднаго зь зімовых ператрусаў.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 2 гады калёніі агульнага рэжыму нібыта за злоснае хуліганства. Актывістка МФ Наста Палажанка – на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 1 год па абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых непарадках.