Мясьніковіч у Азэрбайджане абяцае раўнаважны абменны курс «бліжэйшым часам»

Міхаіл Мясьніковіч

Выхад на раўнаважны абменны курс беларускага рубля ва ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку магчымы бліжэйшым часам. Пра гэта заявіў сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Азэрбайджану Артурам Расі-задэ, паведамляе БЕЛТА.

Распавядаючы пра эканамічную сытуацыю ў Беларусі, кіраўнік ураду адзначыў, што эканоміка працуе ўстойліва, расьце колькасьць працоўных месцаў. «Так, мы перажываем некаторыя цяжкасьці на валютным рынку, але думаю, што ўсе гэтыя пытаньні будуць урэгуляваныя», — сказаў ён.

Міхаіл Мясьніковіч дадаў, што ў Беларусі не дапусьцілі сыстэмных недахопаў у эканоміцы. «У нас у вытворчым сэктары і ў сацыяльнай сфэры няма пытаньняў. Што тычыцца пытаньняў па чыстых імпартэрах і канвэртацыі, то, думаю, бліжэйшым часам мы ўправімся і выйдзем на раўнаважны абменны курс беларускага рубля на ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку», — падкрэсьліў ён.

Па словах Мясьніковіча, на працягу лета большасьць праблемных пытаньняў павінна быць вырашана, каб да ацяпляльнага сэзону падысьці са збалянсаваным валютным рынкам.
Мы запрашаем вас, каб дзяржаўныя структуры і бізнэс прымалі ўдзел у прыватызацыі прадпрыемстваў у нашай краіне.

Прэм’ер-міністар Беларусі таксама прапанаваў азэрбайджанскім кампаніям узяць удзел у прыватызацыі ў Беларусі. «Мы запрашаем вас, каб дзяржаўныя структуры і бізнэс прымалі ўдзел у прыватызацыі прадпрыемстваў у нашай краіне, — сказаў Міхаіл Мясьніковіч. — Мець актывы ў геаграфічным цэнтры Эўропы для дывэрсыфікацыі свайго капіталу — гэта добрая справа, і мы будзем ствараць камфортныя ўмовы, каб капітал, які паходзіць з вашай краіны, быў надзейна абаронены і меў магчымасьць гарманічнага разьвіцьця».

Мясьніковіч прапанаваў Азэрбайджану стварыць групу так званага пэрспэктыўнага разьвіцьця. «Давайце створым такую групу, каб намацваць тыя праекты, якія будуць запатрабаваныя праз 5–10 гадоў», — сказаў ён. Пры гэтым Міхаіл Мясьніковіч лічыць пэрспэктыўным фармаваць транснацыянальныя карпарацыі на базе такіх інавацыйных праектаў.