Асасабістага фатографа Саакашвілі затрымалі за шпіянаж

Георгі Абаладзэ, асабісты фатограф Саакашвілі

МУС Грузіі пакуль не камэнтуе інфармацыю аб затрыманьні некалькіх фотакарэспандэнтаў. У тым ліку супрацоўнікаў сусьветных агенцтваў і асабістага фатографа прэзыдэнта Саакашвілі, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі Георгі Кабаладзэ.

Паводле неафіцыйных дадзеных, па падазрэньні ў шпіянажы затрыманыя асабісты фатограф кіраўніка дзяржавы Іраклі Гедэнідзе, яго жонка Нація Гедэнідзэ, фатограф міністэрства замежных спраў Георгі Абдаладзе, фотарэпарцёр Эўрапейскага фотаагенцтва Зураб Курцыкідзэ і фотакарэспандэнт Associated Press Шах Айвазаў. Многія зь іх добра вядомыя ў журналісцкіх колах Грузіі, паколькі працуюць па 10, а некаторыя і па 20 гадоў.

Міністэрства ўнутраных спраў абяцае, што апублікуе больш канкрэтную інфармацыю і растлумачыць прычыны затрыманьня пазьней на спэцыяльным брыфінгу.

Сваякі затрыманых распавялі, што супрацоўнікі дэпартамэнту контрвыведкі ўвайшлі да іх у кватэры позна ўначы, адабралі мабільныя тэлефоны і канфіскавалі ўсе электронныя прылады, у тым ліку кампутары. Маштабная апэрацыя, на думку назіральнікаў, рыхтавалася загадзя. Калі інфармацыя аб падазрэньні ў шпіянажы пацьвердзіцца, гэта будзе першым выпадкам арышту грузінскіх журналістаў па такім абвінавачваньні за ўсю гісторыю незалежнасьці краіны.