Юры Хашчавацкі: «Саўка ды Грышка» дапамогуць нам узьляцець

Вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі піша пра дыск Лявона Вольскага «Саўка ды Грышка. Год першы», на якім сабраныя 50 песьняў, што гучалі на хвалях Радыё Свабода.

Яшчэ зусім нядаўна, калі мастак у сваёй творчасьці закранаў палітыку, ён натыкаўся на іранічныя ўхмылкі і паблажлівыя павучаньні братоў па цэху. І не толькі іх. Здаралася і дылетанты, важна надзімаючы шчокі, тлумачылі, што сапраўднае мастацтва павінна быць па-за палітыкай.

Я гэта ведаю з уласнага досьведу.

Усе довады аб тым, што ў розныя часы творца не можа заставацца ўбаку, што Гойя маляваў ня толькі «Маху», але й «Капрычыёс», што «Вясельле Фігара» Бамаршэ - гэта сатыра на каралеўскі двор, што гістарычныя хронікі Шэкспіра - гэта палітыка, што былі і Сьвіфт, і Брэхт, і Галіч, і Высоцкі, і позьні Васіль Быкаў - усе гэтыя довады не пераконвалі маіх апанэнтаў, заступнікаў «чыстага мастацтва».

Іх пераканала сама жыцьцё, таму што ім так жа, як і мне, сёньня брыдка слухаць маладога папсавіка, які баязьліва хлусіць, што нічога нават не чуў пра тое, што адбываецца на плошчах Беларусі кожную сераду. І ён, маўляў, сьпяваў для людзей! Ды не для людзей ты сьпяваў, халуй, а для ўлады! Ды яшчэ і пад іх дуду! А для людзей сёньня сьпяваюць іншыя. У тым ліку і «Саўка ды Грышка».

Гэта весела, гэта вулічнай мастацтва. Гэта традыцыі скамарохаў, Батлейкі, камэдыі дэль Артэ, бардаў-дысідэнтаў. А гэтыя традыцыі заўсёды ратавалі грамадзтва ад людажэрскай улады.

Гэтыя традыцыі ўратуюць і нас.

Вось, уявіце сабе: ляжыць вялікая цяжэзная жалязяка. А ўнутры яе - мноства атамаў, якія знаходзяцца ў бесьперапынным броўнаўскім руху. Броўнаўскі рух - гэта хто куды, хаатычна, у розныя бакі. І ня ведаюць гэтыя дурныя атамы, што калі б яны дамовіліся і пачалі б рухацца ў адзін бок - уверх - то жалязяка б гэтая на зайздрасьць усім ўзьляцела!

Але мы ж не атамы, мы ж можам дамовіцца!

Шмат якія палітыкі, пісьменьнікі, журналісты спрабуюць дапамагчы нам дамовіцца. І гэты вясёлы праект - «Саўка ды Грышка» - таксама створаны дзеля таго, каб дапамагчы нам ўзьляцець.

Вялікі дзякуй стваральнікам за гэта!

СПАМПАВАЦЬ ДЫСК


"Саўка і Грышка. Песьні праўды. Год першы". Мікрасайт