Освальд і яго імёны

  • Аляксандар Лукашук

Освальд у СССР

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Самае першае імя Освальда ў Менску – “Алёша”. Менавіта так пачынаюць называць яго дзяўчаты-перакладчыцы Інтурысту ў гатэлі “Менск”. Першая рэакцыя Мэйлера на гэта – канечне, паводле Дастаеўскага, як аднаго з братоў Карамазавых?..

У адказ перакладчыца расказвае пісьменьніку гісторыю пра песьню і баўгарскі помнік савецкім воінам-вызваліцелям у Плоўдзіве, названы так пяшчотна ў гонар салдата-сувязіста.*

На менскім радыёзаводзе Освальда называюць “Алік” – ён адгукаецца на гэтае імя, і так яго большасьць знаёмых і запомніла на многія дзесяцігодзьдзі.

Жонка называе яго яшчэ й “Алька”.

Сам Освальд па-расейску часьцей за ўсё падпісваецца “Алек”.

Запіс у працоўнай кніжцы
Адзін выпускнік палітэхнічнага інстытуту, куды Освальд заходзіў са сваім заводзкім сябрам, таксама студэнтам-завочнікам Паўлам Галавачовым, згадвае ў сваіх успамінах, што студэнты паміж сабой называлі яго па-расейску “Лихарь”, “Лихаря” і нават “Харя”.

У рапартах КДБ Освальда называюць “Лі Гарві”. Можа і пачціва, але малапісьменна, бо гэта толькі імя і другое імя, нават не імя па бацьку. Неўзабаве яму прысвойваецца мянушка “Ліхі” – тут ужо адчуваецца фанэтычны густ.

Затым яна мяняецца на “Налім”. Чаму – можна толькі здагадвацца. Магчыма, звычайнае бюракратычнае суперніцтва розных управаў і аддзелаў, адсутнасьць каардынацыі, можа вынік рэжыму сакрэтнасьці, калі кожны супрацоўнік ці група працуюць аўтаномна і ня ведаюць, што робяць калегі. Дзьве мянушкі некаторы час ужываюцца адначасна.

Запіс аб прафсаюзным уліку
Таксама ўжываюцца абрэвіятуры: “ОЛГ” – да ліпеня 1961-га, пасьля – “ЛГО”, і зрэдку – “Л”.

У канцы 1961 году амэрыканца ў рапартах КДБ прадстаўляюць як савецкага грамадзяніна – “Освальд Л.Г.”, у заводзкай характарыстыцы – “Л.Г. Освальд”.

Пасьведчаньне таварыства паляўнічых і рыбаловаў выпісана на імя “Аляксей Гарвей Освальд”.

У адным заводзкім дакумэнце напісана “Прозьвішча – Освальд, Імя -- Лі Гарвей”. Поўны варыянт “Освальд Лі Гарвеевіч” не сустракаецца.

Этымалягічныя слоўнікі тлумачаць значэньне прозьвішча як “боскую сілу, кіраваньне Бога” – таму ў адной з амэрыканскіх кансьпіралягічных тэорыяў Освальда зьвязваюць з імем чараўніка Оз, які кіруе Смарагдавым горадам і знаходзіцца ў акультнай сувязі з ідэяй спыненьня жыцьця. А прозьвішча Рубі, забойцы Освальда – з рубінавымі чаравічкамі гераіні казкі Элі.

Страшна ўявіць, што будзе, калі аматары анамастыкі ўведаюць імя першай менскай перакладчыцы Освальда – яе звалі Сталінай (пасьля сьмерці “бацькі народаў” яна ператварылася ў Стэліну).

Яшчэ страшней уявіць, што было б, калі б Освальд застаўся ў Беларусі і прыйшоў атрымліваць мясцовы пашпарт: Леў Георгіевіч Асвальдчук.**

Дарэчы, прозьвішча аўтара клясычнага “Этымалягічнага слоўніка ангельскай мовы” – таксама Освальд, толькі Джон.

------------------------------------
*Гэтае тлумачэньне – тыповая кантамінацыя, накладаньне пазьнейшых падзеяў на папярэднія, як нярэдка здараецца пры гістарычных рэканструкцыях. Папулярная песьня, якая зьвязала помнік і імя, была напісаная толькі ў 1968 годзе.

**Апошні тэлефонны званок у сваім жыцьці прэзыдэнт Кенэдзі зрабіў з гатэля ў тэхаскім гарадку Форт Ворт, дзе яны з жонкаю правялі ноч перад Даласам (і дзе пахаваюць Освальда). Кенэдзі захацеў падзякаваць людзям, якія спэцыяльна ўпрыгожвалі іх нумар кветкамі, вазамі, карцінамі зь мясцовага музэю. На століку ляжаў буклет, і Кенэдзі папрасіў злучыць яго з дамай, чыё прозьвішча значылася першым, пазваніў, падзякаваў ашаломленай прэзыдэнцкім званком актывістцы. Яе прозьвішча было Джэй Лі Джонсан – сьвята анамастыкі. Джэй – так пачынаецца імя дырэктара ФБР Гувэра, адказнага за агульную бясьпеку (ФБР шчыльна цікавілася Освальдам, але ў лістападзе 1963 ніякіх дадатковых мераў да яго не ўжывалі). Лі – імя Освальда, а Джонсан – прозьвішча віцэ-прэзыдэнта, які стаў прэзыдэнтам пасьля забойства. І гэта ня ўсё – дзявочае прозьвішча дамы было Картэр – так будуць зваць наступнага пасьля Джонсана прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз