Суд над Канстанцінавым не адбыўся: сьведка быў «пад мухай»

Суд над затрыманым 17 чэрвеня наваполацкім актывістам Яўгенам Канстанцінавым так і не адбыўся. 20 чэрвеня судзьдзя не змагла дапытаць сьведку з боку абвінавачаньня, якога нібыта аблаяў актывіст, паколькі той ня змог адэкватна рэагаваць на пытаньні. Проста з судовай залы Канстанцінава адпусьцілі дадому.

Як паведамляюць мясцовыя праваабаронцы, адміністратыўная справа паводле артыкулу «дробнае хуліганства» будзе разгледжаная ў сераду, 22 чэрвеня.

Перад затрыманьнем 17 чэрвеня дома ў Яўгена быў праведзены ператрус, пасьля чаго яго завезьлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Выходныя Канстанцінаў правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Яўген на выбарах-2010 быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.