Грэцыя: галасаваньне аб даверы ўраду

Георгіяс Папандрэу пасьля панядзелкавай сустрэчы ў Брусэлі з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Гэрманам ван Ромпэем

Парлямэнт Грэцыі сёньня правядзе галасаваньне аб даверы ўраду. Галасаваньне стане адказам на нядаўнія перастаноўкі ў кабінэце, праведзеныя прэм’ер-міністрам Георгіясам Папандрэу.

У панядзелак міністры фінансаў эўразоны далі грэцкім уладам два тыдні на прыняцьце дадатковых мераў для эканоміі бюджэтных выдаткаў. Гэтыя меры будуць умоваю атрыманьня Грэцыяй чарговага 12-мільярднага крэдыту ў рамках дапамогі для пераадоленьня вострага фінансавага крызісу.

Тым часам у краіне працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць рэжыму строгай эканоміі, які прадугледжвае скарачэньне выдаткаў на сацыяльную сфэру і прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў.