Суд спыніў справу супраць калінкавіцкага актывіста Васіля Сіліверста

Васіль Сіліверст

Сёньня Калінкавіцкі раённы суд спыніў адміністрацыйную справу супраць грамадзкага актывіста, чарнобыльскага ліквідатара, інваліда II групы Васіля Сіліверста.

Справу ў суд супраць актывіста паводле артыкулу 17.6 КоАП «Заведама ілжывае паведамленьне» падпісалі начальнікі Ельскай і Калінкавіцкай раённых міліцый Анатоль Якімец і Васіль Кузьменка.

Васіль Сіліверст жыве ў Калінкавічах. А ў вёсцы Млынок Ельскага раёну захаваўся дом ягонай цешчы, у якім Васіль аднойчы па прыезьдзе не далічыўся газавай пліты й выклікаў міліцыю, западозрыўшы крадзеж. Аднак высьветлілася, што газавую пліту забралі мясцовыя ўлады, паколькі дом заставаўся ў камунальнай уласнасьці. Ельская міліцыя палічыла выклік ілжывым і склала адміністрацыйны пратакол.

У справе, перададзенай у суд, была й даведка пра тое, што з 2003 году спадара Сіліверста затрымлівалі 7 разоў. Пра асобныя інцыдэнты, датычныя грамадзкай дзейнасьці Сіліверста, паведамлялася ў СМІ.

Міліцыя яшчэ мае магчымасьць аспрэчыць пастанову суду.