Літоўскія пракуроры не атрымалі адказу Расеі пра допыт Гарбачова

Расея пакуль не адказала пракурорам Літвы на іх просьбу дапытаць былога прэзыдэнта Савецкага Саюзe Міхаіла Гарбачова па справе аб 13-м студзеня. Хадайніцтва аб прававой дапамозе было выслана больш за месяц таму.

«Адказу мы ўсё яшчэ не атрымалі», - сказаў BNS галоўны пракурор Дэпартамэнту крымінальнага перасьледу Генэральнай пракуратуры Сімонас Слапшынскас.

23 жніўні 1999 па прысудзе Віленскага акруговага суду шасьцёра асобаў былі асуджаныя па справе аб 13-м студзеня, ім прызначаныя пакараньні. Асуджаны Станіслаў Міцкевіч пазьбег пакараньня, паколькі хаваўся ў Расеі і Беларусі.

Цяпер расьсьледуецца іншая частка крымінальнай справы аб 13-м студзеня, у якой 23 падазраваных, зь якіх 21 - грамадзяне Расеі і двое - грамадзяне Беларусі.

13 студзеня 1991 падчас дзеяньняў савецкай арміі ў Вільні загінулі 14 і пацярпелі больш за 1000 бяззбройных людзей. Тады савецкія вайскоўцы не адважыліся напасьць на Вярхоўны Савет, які 11 сакавіка 1990 абвясьціў аб аднаўленьні незалежнасьці Літвы.