У Беларусь забаранілі ўезд праваабаронцам з Расеі і Ўкраіны

Праваабаронцаў з Нарвэскага Хэльсынскага камітэту 15 чэрвеня апоўначы затрымалі ў Менскім аэрапорце. Грамадзянка Расеі Іна Сангажыева і грамадзянка Ўкраіны Вольга Шамшур накіроўваліся з Франкфурту ў Менск па асабістых справах.

Памежнікі знайшлі іх прозьвішчы ў сьпісе непажаданых для ўезду ў краіну асобаў. У пашпарты праваабаронцам паставілі пячаткі "Ўезд забаронены".

На пытаньні пра прычыны забароны на ўезд памежнік адказаў ляканічна: "Відаць, раней вы нешта зрабілі супрацьзаконнае, таму і трапілі ў сьпісы".

Іну Сангажыеву і Вольгу Шамшур пад канвоем правялі на зваротныя рэйсы ў Франкфурт і Вену.

Кіраўнік прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка заявіў агенцтву Інтэрфакс: памежнікам "нічога не вядома пра праваабарончую дзейнасьць названых асобаў… Гэтыя грамадзянкі ехалі па прыватных справах, таму казаць, што яны праваабаронцы, некарэктна".