Ярашука абралі ў раду Міжнароднай арганізацыі працы

У Жэнэве на паседжаньні Міжнароднай канфэрэнцыі працы 7 чэрвеня разгледжанае «беларускае пытаньне» паводле справы № 2090 аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі.

Прадстаўніца ўраду Беларусі, міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна паведаміла, што ў краіне ёсьць прагрэс у справе выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы па ліквідацыі фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў. Пазыцыю афіцыйнай дэлегацыі Беларусі традыцыйна падтрымалі ўрады Кітаю, Індыі, Кубы і Расеі. Аднак урад Вугоршчыны, якая старшынюе ў Эўразьвязе, ад імя 27 краін-чальцоў Эўразьвязу крытычна ацанілі працу ўраду Беларусі. Да супольнай пазыцыі Эўразьвязу далучыліся таксама ЗША, Канада і Швайцарыя. Канчатковае рашэньне «беларускага пытаньня» будзе прынятае найбліжэйшым часам.

Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў, старшыня гэтай незалежнай прафсаюзнай арганізацыі Аляксандар Ярашук, які прадстаўляе ў Жэнэве пазыцыю незалежных прафсаюзаў, абраны сябрам адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы. Раней месца сябра рады МАП займалі прадстаўнікі праўрадавых прафсаюзных арганізацый Беларусі.