Лукашэнка заваблівае інвэстараў

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка сваім дэкрэтам увёў дадатковыя ільготы і прэфэрэнцыі для інвэстараў.

Згодна з дэкрэтам № 4, замежным інвэстарам дазволілі ўжываць праектную дакумэнтацыю, распрацаваную за мяжой, ня сплачваць ПДВ пры набыцьці тавараў, выкарыстаных для ўзьвядзеньня аб'ектаў інвэстыцыйнага праекту.

Лукашэнка таксама вызваліў інвэстараў ад выплаты шэрагу падаткаў — зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Інвэстары таксама не абавязаныя цяпер рабіць адлічэньні ў інавацыйныя фонды.

Шэраг прэфэрэнцыяў нададзены таксама рэзыдэнтам вольных эканамічных зонаў.

Ва ўрадзе спадзяюцца, што гэты дакумэнт дасьць магчымасьць павялічыць прыток замежнага капіталу ў эканоміку Беларусі.

У першым квартале гэтага году Беларусі ўдалося прыцягнуць наўпроставых замежных інвэстыцыяў толькі на 62 мільёны даляраў. "Гэта фіяска",— ацэньваюць незалежныя эканамісты.