Н.Занько: Пры гарантыі бясплатнай адукацыі прымусовага разьмеркаваньня быць не павінна

Госьця эфіру "Свабоды" – выпускніца журфаку БДУ Настасься Занько. Незалежныя мэдыі сьцьвярджаюць што папярэдняе разьмеркаваньне дзяўчыны ў газэту “Звязда” было адмененае з-за яе ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці назіральніцы.

Абламейка: Настасься, як разгортваліся падзеі вакол вашага накіраваньня ў правінцыю? У красавіку папярэдне вы ўжо былі разьмеркаваная ў “Звязду”...

Занько: Мне ад газэты "Звязда" была імянная заяўка, я там ужо працавала тры гады і вяла тэму жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, і на папярэднім разьмеркаваньні дэкан сказаў, што я без праблем пайду ў "Звязду". Аднак на канчатковым разьмеркаваньні 6 траўня мне сказалі, што маю імянную заяўку разглядаць ня будуць, бо ёсьць дзяржаўны заказ, які фармуецца пры наборы студэнтаў, і яго трэба выконваць. Я была шакаваная. Дэкан сказаў, што гэта пазыцыя Міністэрства інфармацыі - "адзін чалавек у "Звязду", а вы паедзеце ў раён, вы таленавітая, творчая асоба". Сакратарка, што сядзела побач, мне сказала: "Падпісвай, Насьця, а то будзе горш". Я чалавек эмацыйны і ў шокавым стане гэта падпісала. Там алоўкам было напісана "Кобрынскі весьнік"... Я спрабавала высьветліць каго куды разьмеркавалі - што калі на маё месца адправілі некага іншага? На мой пісьмовы зварот мне адмовілі і сказалі, што інфармацыя пра разьмеркаваньне датычыць прыватнага жыцьця фізычнай асобы.

Абламейка: Чаму так адбылося? «Наша Ніва» ў сёньняшняй публікацыі сьцьвярджае, што гэта зьвязана з тым, што вы былі назіральніцай на выбарах.

Занько: Назіральніцай я была. Але зьвязаць непасрэдна разьмеркаваньне з тым, што я была назіральніцай, я не магу, у мяне няма дастатковых аргумэнтаў. Так, я была назіральніцай, пісала акты на парушэньні, тым больш усё гэта адбывалася ў нашым студэнцкім інтэрнаце. Я думала, што нейкія наступствы за гэтым будуць. Аднак зімовую сэсію я здала на 9.0, не прапусьціла ніводнага заліку, ніводнага экзамэну, дык я пра тое назіраньне і забылася. Так што я ня думаю, што тут толькі з-за выбараў. У мяне была такая вэрсія, што магчыма проста на маё месца хочуць уладкаваць кагосьці іншага. Але сьпіс разьмеркаваньня мне не паказалі, так што я дакладна ня ведаю.

Абламейка: А што за парушэньні на выбарах вы зафіксавалі?

Занько: Парушэньняў было шмат, асабліва пры падліку. Першае - што ня быў вывешаны пратакол падліку. Другое - сытуацыя была проста камічная, калі абвяшчалі колькасьць галасоў, дык агульная колькасьць не супала з пратаколам. Быццам пратакол быў запоўнены загадзя. Былі і іншыя парушэньні. На ўчастку былі іншыя асобы, напрыклад дэкан, а такога не павінна быць. Таксама прымушалі галасаваць студэнтаў зь інтэрнату датэрмінова.

Абламейка: Што вы цяпер будзеце рабіць? Ці паедзеце ў Кобрын?

Занько: Так, паеду ў Кобрын, бо, паступаючы на бюджэт, я ведала, што будзе такая сытуацыя і зрабіла ўсё магчымае, каб застацца ў Менску. Але я буду пісаць скаргу ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, каб праверылі. Рэктарат парушае заканадаўства, не паказваючы мне сьпісаў. Але я ня думаю, што мяне пераразьмяркуюць, бо ўсё ж мая імянная заяўка была адкліканая. Але, можа, праверка некаму дапаможа, калі там усё ж такі былі парушэньні. Я падазраю, што нешта там было нячыста, інакш бы паказалі сьпіс. Калі ісьці далей, то ў камітэт па правах чалавека. Бо тут прымус да разьмеркаваньня ў пэўнае месца. Такога не павінна быць, калі Канстытуцыя гарантуе бясплатную адукацыю. Або хай дзяржава падцягвае рэгіёны, каб моладзь сама туды ехала.