Хадаркоўскі і Лебедзеў хадайнічаюць аб вызваленьні

Былы кіраўнік расейскай кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі і былы кіраўнік фінансавай кампаніі Менатэп Платон Лебедзеў хадайнічаюць пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. У тэксьце хадайніцтва Хадаркоўскага, які разьмешчаны на сайце яго адвакатаў гаворыцца: “ Прашу разгледзець пытаньне пра маё ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Прымененыя да мяне артыкулы прадугледжваюць такую магчымасьць пасьля адбыцьця паловы тэрміну. З прызначаных 13 гадоў я адбыў больш як сем з паловай. Сваю віну я не прызнаю, паколькі працягваю аспрэчваць вынесенае судовае рашэньне.” Аналягічную заяву напісаў і Платон Лебедзеў. Хадайніцтвы накіраваныя ў Прэабражэнскі суд Масквы.