Сэрбія рыхтуецца ўтаймоўваць прыхільнікаў Младзіча

Сараева – басьнійскія сэрбы пратэстуюць супраць арышту Младзіча, 27 траўня, 2011

Сэрбія ўзмацніла захады бясьпекі ў чаканьні заплянаваных на сёньня акцыяў пратэсту супраць арышту былога камандуючага басьнійскіх сэрбаў у часы грамадзянскай вайны ў Босьніі генэрала Ратка Младзіча.

Міністар унутраных спраў Сэрбіі Івіца Дачыч заявіў, што гэта робіцца, каб прадухіліць гвалтоўныя дзеяньні з боку экстрэмістаў.

Чакаецца, што Младзіча перавядуць у Гаагу, дзе ён паўстане перад Міжнародным трыбуналам для былой Югаславіі паводле абвінавачаньняў у генацыдзе.

Сын генэрала Младзіча Дарка, сустрэўшыся з бацькам, які знаходзіцца ў бялградзкай турме, заявіў, што той не прызнае адказнасьці за забойства 8 тысяч чалавек у Срэбраніцы ў 1995 годзе і зьбіраецца апратэставаць рашэньне сэрбскага суду аб сваёй экстрадыцыі.