Сырыя: яшчэ 5 загінулых

У Сырыі ў горадзе Хомс пры абстрэле сіламі бясьпекі ўдзельнікаў жалобнай цырымоніі на пахаваньні апазыцыянэраў, забітых у пятніцу пры разгоне антыўрадавай акцыі, сёньня загінулі пяць чалавек, параненыя дзясяткі актывістаў.

Паводле праваабаронцаў, у пятніцу ў Сырыі былі забітыя 44 дэманстранты. Паліцыя выкарыстала зброю супраць дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Башара Асада. Найбольшая колькасьць ахвяраў – у заходняй правінцыі Ідліб і горадзе Хомс у цэнтральнай частцы краіны.

За тыдні супрацьстаяньня колькасьць загінулых у сутыкненьнях з паліцыяй у Сырыі, паводле праваабаронцаў, набліжаецца да 900 чалавек. Таксама паведамляецца пра «тысячы арыштаваных». Сырыйскія ўлады ўскладаюць адказнасьць за гібель людзей на ўзброеныя групоўкі, якія, па іх словах, «падтрымліваюцца іслямістамі».