Усьлед за Саньнікавым асудзяць Халіп

На гэтым тыдні працягнуцца тры судовыя працэсы за Плошчу, на лаве падсудных застаюцца 16 апазыцыйных актывістаў, у тым ліку былыя кандыдаты на прэзыдэнта Мікола Статкевіч, Дзьмітры Вус, Уладзімер Някляеў. Сёньня будзе вынесены прысуд тром абвінавачаным за ўдзел у мітынгу і шэсьці 19 сьнежня: Ірыне Халіп, Сяргею Марцэлеву, Паўлу Севярынцу.

Ірына Халіп
Журналістка Ірына Халіп, магчыма, сёньня ўпершыню зь 19 сьнежня мінулага года выйдзе на вуліцу разам з сынам Данікам. Гэта стане сапраўдным падарункам для малога, якому ў нядзелю споўнілася 4 гады. Як і тое, што зь іх кватэры нарэшце сыдуць супрацоўнікі КДБ, якія са студзеня забясьпечваюць умовы хатняга арышту для Ірыны. Гэта станецца ў выпадку, калі судзьдзя Жана Брысіна агучыць Ірыне вырак, не суровейшы за той, які папрасіў пракурор, – два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады. Пра тату Даніку па-ранейшаму кажуць, што ён у камандзіроўцы – судзьдзя Партызанскага раённага суда Менска Наталья Чацьвярткова ў мінулую суботу вызначыла і тэрмін гэтай "камандзіроўкі", засудзіўшы Андрэя Саньнікава да 5 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму.

Між тым бацька Ірыны Халіп Уладзімер ўсё яшчэ да канца не верыць, што Ірына можа атрымаць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, ён не выключае, што на судзьдзю Заводзкага райсуда Жану Брысіну можа нешта паўплываць, нават у апошнюю хвіліну перад выракам. Столькі ж – два гады з адтэрміноўкай на два гады – пракурор папрасіў для кіраўніка штабу Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева, для лідэра БХД Паўла Севярынца – тры гады "хіміі". Больш мяккі падыход да іх абумоўлены тым, што ім інкрымінуюцца не "масавыя беспарадкі", а "удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак". Па гэтым артыкуле санкцыі мякчэйшыя – да трох гадоў зьняволеньня.

Такі ж падыход чакае і 6 актывістаў апазыцыі на чале з экс-кандыдатам Уладзімерам Някляевым, якіх судзяць у Фрунзэнскім раённым судзе Менска. Іх таксама абвінавачваюць у "групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак". Іх працэс таксама набліжаецца да завяршэньня.

У судзе Ленінскага раёна працягнецца працэс супраць Міколы Статкевіча, Дзьмітрыя Вуса і яшчэ 5 удзельнікаў Плошчы, якіх судзяць па артыкуле "масавыя беспарадкі". Гэтым падсудным пагражае да 8 гадоў турмы, а Статкевічу і Вусу як арганізатарам – да 15.

За ўсімі гэтымі працэсамі пільна сочаць беларускія праваабаронцы, для гэтага патрэбная каардыанацыя сілаў БХК, "Вясны", іншых арганізацыяў, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
"Я думаю, што мы будзем напрыканцы выходзіць на адзін агульны дакумэнт з агульнай ацэнкай усяго, што адбылося, з улікам таго, як праходзілі суды, з улікам папярэдняга сьледзтва, таму што шмат пра што можна ўжо казаць. І з улікам тых заяваў, якія былі раней, і таго, што днямі Андрэй Саньнікаў распавёў, ужо зараз можна сказаць і зрабіць выснову, што сьледзтва суправаджалася грубейшымі
Казаць пра нейкія справядлівыя судовыя разьбіральніцтвы проста не выпадае...
парушэньнямі фундамэнтальных правоў. Найперш права на абарону. А таксама, што выкарыстоўваліся недазволеныя мэтады сьледзтва, катаваньні і так далей. Таму пры такіх абставінах казаць пра нейкія справядлівыя судовыя разьбіральніцтвы проста не выпадае".

Многія працэсы над удзельнікамі Плошчы наведвае дысыдэнт і палітвязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў, засуджаны да 10 гадоў зьняволеньня ў мардоўскіх лягерах за спробу разбурыць менскую вежу-радыёглушылку. Спадар Ханжанкоў параўноўвае сёньняшнія працэсы са сваім, які адбываўся ў пост-сталінскі час:

Сяргей Ханжанкоў.
"Канешне, гэта прыпамінае мне мой працэс, нагадвае перш за ўсё поўнай адсутнасьцю судовай сыстэмы, таму што ніякай спаборнасьці бакоў няма і ў паміне. Як тады, так і цяпер. Тады гэта болей шчыра было. А цяпер яны робяць выгляд, што яны нешта выслухоўваюць, а рашэньне будзе выносіцца не на гэтым судзе".

І ўсё ж у савецкі час суды былі больш суровымі, імі кіравалі судзьдзі і пракуроры-сталіністы, перакананыя ў сваёй праваце, кажа спадар Ханжанкоў, у судзе не дапускаліся нават усьмешкі, не тое што выгукі падтрымкі на адрас палітвязьняў. Цяпер жа сучасных дысыдэнтаў судзяць цынікі, зазначыў Сяргей Ханжанкоў:

"І ў гэтым, дарэчы, нашая надзея. Бо тады была непрабіўная сьцяна. А цяпер гэта рухне, як картачны домік. Варта толькі адну карту гэтую выцягнуць – і ўсё".

Спадар Ханжанкоў згадвае, што ў савецкі час дысыдэнтам не варта было
Цяпер гэта рухне, як картачны домік. Варта толькі адну карту гэтую выцягнуць – і ўсё...
разьлічваць на апраўдальны ці хаця б мяккі прысуд, цяпер жа ў Беларусі часам здараецца ўмоўнае пакараньне ці штраф. Зь іншага боку ў савецкі час у Беларусі не было столькі палітвязьняў, як цяпер. На сёньня за Плошчу ўжо асуджаныя 27 чалавек, зь іх 24 засталіся за кратамі. Сёньня будзе агучана яшчэ тры прысуды.