Маці абвінавачанага ў тэракце просіць юрыдычнай дапамогі

Спадарыня ня верыць у вінаватасьць сына, непакоіцца за яго душэўны і фізычны стан, бо не атрымлівае з турмы лістоў. Яна пэўная, што сьледзтва ў дачыненьні да абвінавачанага вядзецца з парушэньнямі.

Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце 11 красавіка распавяла, што яе саму па гэтай справе дапыталі двойчы. Але падпіскі пра неразгалошваньне сьледчых таямніц у яе ня бралі, і тое, як працуюць сьледчыя, ёй падаецца дзіўным:

"Разумееце, яны нешта спытаюць — і высновы адразу. У дзяцінстве пэтарды з хлопцамі ўзрывалі? Значыць, усё! Ды я нават ня ведаю, хто сьледчы ў справе. Я пытаюся, а мне кажуць: "Тэлефануйце адвакату!". Я тэлефаную адвакату, а яна адказвае: "Яны там усе разам, іх там цэлая каманда". Адвакат дала падпіску пра неразгалошваньне і кажа, што можа мне распавесьці толькі пра стан здароўя сына, дый толькі тое, што бачыць… Сказала: "Ён замаўчаў". Гэта ў яго такі характар: калі да яго якая несправядлівасьць, ён маўчыць! Дый "папрацавалі" там зь ім, а што "папрацавалі" — дык напэўна!".

Урывак зь ліста, дасланага з турмы

З турмы ад сына яна атрымала толькі адзін ліст за ўвесь мінулы месяц. Там напісана, што ў яго ўсё добра. Але маці не выключае, што хлопца могуць катаваць, каб ён толькі прызнаўся.

Апошні раз яна бачыла сына на пачатку красавіка: са сьнежня мінулага году ён паехаў жыць і працаваць у Менск і прыяжджаў у Віцебск толькі на выходныя. Даведаўшыся пра выбух у мэтро 11 красавіка, маці патэлефанавала сыну, але зьвязацца зь ім не ўдалося. Назаўтра ён сказаў, што тэлефон у яго разрадзіўся, а ў мэтро ён увогуле ня быў. Маці супакоілася, але ноччу 13 красавіка ў віцебскую кватэру прыйшлі зь ператрусам.

Фрагмэнт пратаколу ператрусу ў віцебскай кватэры

Забралі цьвікі, розную гаспадарчую драбязу, нават сродак для асьвятленьня валасоў і дрот, на якім гаспадар сушыў рыбу. Зь менскай кватэры, дзе сын здымаў пакой, забралі кампутар. Усё забранае зафіксавалі ў пратаколах. А вось наступныя ператрусы — і ў Менску, і ў Віцебску — адбываліся без аніякіх пратаколаў:

"Нават дактары тады казалі, што не было ў тых бомбах ні цьвікоў, ні шрубаў — што людзей забівала аскепкамі мармуру, шыльдаў розных… Навошта яны гэта забіралі? А другі раз калі прыйшлі зь ператрусам, я была ў Менску. Мужа забралі з працы, прывезьлі, пасадзілі ў пакой, забаранілі перасоўвацца — і ўжо бралі што хацелі! Панятыя былі не суседзі, іх прывезьлі з сабой. І што яны забралі, я дагэтуль ня ведаю!".

Маці абвінавачанага хлопца цьвердзіць, што на відэа з камэр назіраньня ў мэтро не пазнае ні свайго сына, ні ягонага знаёмца — зь якім, дарэчы, асаблівага сяброўства апошнім часам і не было. Хоць менавіта на гэтых доказах, відавочна, і грунтуецца сьледзтва:

"Ды не падобны на відэа ні адзін, ні другі. Там нейкі здаровы мужчына… Ні адзін і ні другі! Дый не былі яны вялікімі сябрамі. Так — сустрэнуцца, пойдуць, пагуляюць, і ўсё на гэтым!".

Абвінавачаныя ў тэракце ў менскім мэтро. Архіўны здымак

Спадарыня кажа, што хацела б займець яшчэ аднаго адваката — незалежнага, а ня толькі прызначанага сьледзтвам. Але ў віцебскай адвакацкай канторы ёй усе адмовілі — маўляў, хто пойдзе супраць сказанага Лукашэнкам, у таго адбіраюць ліцэнзію:

"Там жа пасьля падзей 19 сьнежня чатырох, здаецца, адвакатаў пазбавілі ліцэнзій. Таму мне так і сказалі: калі пайсьці супраць "яго", то могуць пазбавіць…".

Маці просіць у праваабарончых структур юрыдычнай дапамогі. З бацькамі другога абвінавачанага хлопца ў яе ніякага кантакту няма, хоць тыя жывуць у суседнім доме. Але яна ні разу ня чула, каб нехта ўголас асудзіў ці зьняважыў яе ці другую маці за сыноў.