Зьміцер Дашкевіч пагражае распачаць галадоўку, калі да яго ня будуць даходзіць лісты

Зьміцер Дашкевіч

Асуджаны на два гады калёніі кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зьміцер Дашкевіч у лісьце да сваёй сяброўкі Насты Палажанкі паведаміў, што да яго апошнім часам усё горш і горш стала даходзіць пошта.

Як зазначае Дашкевіч, проста скралі 8 лістоў ад Насты. Паколькі ўсе лісты нумаруюць, яны могуць сачыць за тым, што даходзіць, а што не.

Зьміцер напісаў скаргу ў пракуратуру, Дэпартамент выкананьня пакараньня МУС і кіраўніцтву СІЗА. Ён пагражае распачаць галадоўку, калі ягоныя лісты надалей будуць зьнікаць.

Наста Палажанка зьвяртаецца да кіраўніцтва СІЗА, цэнзараў і ўсіх тых, хто адказны за адбыцьцё пакараньня Дашкевіча:

Наста Палажанка
“Я прашу супрацоўнікаў СІЗА забыцца на тое, што мы маем розныя перакананьні, забыцца на тое, што мы знаходзімся па розныя бакі ўсіх палітычных працэсаў. Мы людзі найперш і мусім ставіцца па-чалавечы адзін да аднога. Жыцьцё яно мае прынцып бумэранга, давайце ня будзем на тое забывацца. Добрыя справы прыносяць добраслаўленьне ў нашае жыццё, а наўмыснае зло гэткім і павернецца. Калі каму-небудзь з вас спатрэбіцца дапамога ў жыцьці, магчыма мы будзем тыя, хто зразумее вас і працягне руку. Дык давайце ж заставацца людзьмі. Гэта адзіная мая просьба”.

Наста Палажанка паведаміла Свабодзе, што Дашкевіч вырашыў чакаць выраку Менскага гарадзкога суду ў сьледчым ізалятары на Валадарскага. Раней Зьмітра перавялі ў іншую камэру, дзе ўтрымліваецца меней людзей. Але пасьля таго, як хлопец не пагадзіўся пісаць заяву на перавод у калёнію, яго зноў перавялі ў камэру, дзе сядзіць болей за 40 чалавек.