М.Бацян: “У нас, напэўна, таксама будуць чысьціць”

Міхаіл Бацян

Міністэрства замежных спраў Баўгарыі адклікала на радзіму 13 паслоў. Як паведамляюць баўгарскія СМІ са спасылкай на прадстаўнікоў МЗС краіны, рашэньне прадыктаванае тым, што адкліканыя дыпляматы ў мінулым супрацоўнічалі са спэцслужбамі камуністычнай Баўгарыі. Паведамляецца, што ў лік адкліканых трапіў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Баўгарыі ў Беларусі Захары Міцеў Радукаў.

У сьнежні спэцыяльная камісія апублікавала сьпіс больш як 190 імёнаў дыпляматаў, якія, як сьцьвярджалася, у мінулым працавалі або супрацоўнічалі са спэцслужбамі Народнай Рэспублікі Баўгарыі.

На пытаньні Свабоды адказвае былы дыплямат і журналіст-міжнароднік Міхаіл Бацян.

Знаткевіч: Наколькі ў дыпляматычнай практыцы гэта распаўсюджаная зьява – калі пасьля зьмены палітычнага рэжыму адбываецца, так бы мовіць, дыпляматычная чыстка тых, хто супрацоўнічаў са спэцслужбамі?

Бацян: Я абсалютна перакананы, што кожная краіна выкарыстоўвае дыпляматычны "дах" для сваіх спэцслужбаў. Я ўжо не кажу пра журналістаў-міжнароднікаў і г.д. Так што для мяне гэта не зьяўляецца нечым новым. Невядома, як у нас гэта адбудзецца, але таксама, напэўна, будуць некага чысьціць, я нават не сумняваюся.

Знаткевіч: Ці варта было б нешта падобнае рабіць у Беларусі?

Бацян: Гледзячы як гэта ўсё выглядае: калі чалавек сапраўды быў нейкім ворагам сваёй краіны – гэта адно, а іншая справа – калі чалавек хай нават і быў у спэцыяльных службах, але служыў сваёй краіне, нават пад гэтым дахам – дык чаму б не? Калі ён абараняў інтарэсы сваёй краіны...

Знаткевіч: Зразумела, што ва ўсе часы дыпляматычныя службы выкарыстоўваліся як прыкрыцьцё для шпіянажу, але наколькі прынята, што супрацоўнікамі спэцслужбаў зьяўляюцца самі амбасадары?
Мне здаецца, што шляхі да адступленьня спаленыя, і беларуская ўлада адрэзала сабе шляхі да кантактаў з Эўропай
Бацян: Вось гэта вельмі трывожна. Бо нават і ў савецкія часы супрацоўнікамі спэцслужбаў маглі працаваць другія, трэція асобы, але, мне здаецца, што амбасадарамі пасылаць супрацоўнікаў спэцслужбаў – да гэтага не павінна было даходзіць.

Знаткевіч: У часы, калі вы працавалі ў МЗС Беларусі, з вашай працы, з размоваў з калегамі – у якой ступені супрацоўніцтва са спэцслужбамі пашырана сярод беларускіх дыпляматаў, у якой ступені дыпляматы засьцерагаюцца, што спэцслужбы за імі сочаць?

Бацян: Адразу скажу, што я ніколі не супрацоўнічаў са спэцслужбамі. Я мог падазраваць, што нехта, напэўна, адносіцца да іх – магчыма, консул... Асабліва калі я працаваў у Польшчы як карэспандэнт Камсамольскай Праўды – я быў перакананы, што віцэ-консул зьяўляецца прадстаўніком спэцслужбаў, хаця мне ніхто аб гэтым не казаў.

Знаткевіч: Ці сочыце вы за цяперашнімі судовымі працэсамі за Плошчу?

Бацян: Сачу, і мне гэта вельмі баліць. Я ўжо чалавек перадпэнсійнага ўзросту, нікога не баюся, таму скажу: мне вельмі крыўдна за тое, што ў нас адбываецца. Я калісьці працаваў з Саньнікавым у МЗС, ведаю, што гэта вельмі разумны чалавек, і калі я гляджу на гэты "беспредел", я проста не магу...

Знаткевіч: Суд над Саньнікавым – наколькі вам праўдападобнымі падаюцца абвінавачаньні: чалавек, які быў намесьнікам міністра замежных спраў, арганізуе масавыя непарадкі – то бок, гвалтоўныя дзеяньні?

Бацян: Абсалютна непраўдападобнымі. Гэта высокародны, цікавы, разумны чалавек, якога я паважаю, шаную, ён прыяжджаў да мяне ў Вену, калі я там працаваў дарадцам беларускай амбасады. Я нават зьбіраў за яго подпісы, і за 13 вечароў сабраў 400 подпісаў. Людзі ахвоча падпісваліся, і з кім я ні размаўляў – можа, толькі 10-15 % былі на баку дзеючай улады. Гэта былі звычайныя дамы ў Малінаўцы, і каго я там толькі ня бачыў! Падпалкоўнік міліцыі – і той быў супраць. І таму, што я правёў сваё ўласнае сацыялягічнае дасьледаваньне, я перакананы, што ў нас, на жаль, нелегітымная ўлада.

Знаткевіч: Ёсьць меркаваньне, што вызваленьне тых, каго цяпер судзяць, можа быць толькі пад ціскам Эўропы. З вашага досьведу: наколькі беларуская улада рэагуе на дыпляматычны ціск?

Бацян: Мне здаецца, што шляхі да адступленьня спаленыя, і беларуская ўлада адрэзала сабе шляхі да кантактаў з Эўропай. Калі я гляджу на сёньняшнюю сытуацыю, у тым ліку з валютай, мяне ахоплівае жах: што ж з намі будзе, куды мы ідзем...