У Берасьці ўлады забаранілі дазволены пікет

Заяўнікі пікету 25 сакавіка на стадыёне «Лякаматыў» у Берасьці атрымалі ліст ад намесьніка старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму з паведамленьнем пра тое, што дазвол на правядзеньне пікету ануляваны.

Паводле аднаго з заяўнікаў пікету, сябра АГП Марата Несьцярэнкі, у лісьце пазначана, што мерапрыемства ня можа адбыцца з-за таго, што на стадыёне будуць праводзіцца рамонтныя працы:

«Паводле ліста, з просьбай адмяніць пікет выступіў дырэктар стадыёну, які паведаміў пра аварыйную сытуацыю. Нейкае калегіяльнае рашэньне пра далейшыя дзеяньні намі не прынята. Канечне, будзем заўтра на стадыёне і ўпэўнімся, якія ж рамонтныя працы там праводзяцца».

25 сакавіка на стадыёне было заяўлена два пікеты, на якія заяўнікі атрымалі дазвол. Раней сябры АГП атрымалі адмову на правядзеньне пікету 19 сакавіка.