Зьміцер Дашкевіч. Партрэт на фоне кратаў

Зьміцер Дашкевіч абараняў сваіх паплечнікаў. Калі вулічнымі акцыямі..


Зьміцер Дашкевіч пабачыў сьвет нашай Бацькаўшчыны з краявідаў беларускага Палесься, хаця дагэтуль бацькі пражывалі ў магаданскім краі, і менавіта там цяжарная Вольга Дашкевіч магла нарадзіць свайго сына. Але Госпад вёў Зьмітра на іншую зямлю – і на Гомельшчыне, у Ельску, у вёсцы Багуцішчы ён і зьявіўся на сьвет. Вячаслаў Дашкевіч, бацька Зьмітра, чалавек упарты ды прынцыповы, быў патрыётам сваёй малой Радзімы і хацеў, каб сын ягоны меў месцанараджэньня свайго ўлюбёнага Івацэвіцкага раёна, да каторага юрыдычна Зьмітра й прапісаў.

Немаўляткам Зьміцер Дашкевіч пабачыў родны беларускі край, а пасьля бацькі-журналісты зноў зьехалі на Магаданшчыну. Праўда, застацца там і працягваць сваё жыцьцё Госпад Зьмітру не дазволіў. І як вынік, 1986 год – Старыя дарогі, Меншчына, дзе юнак прабыў аж да 1999 году.

Мала хто ведае, што Зьміцер па настаўленьні таты паступіў ў Гарадзенскі сельска-гаспадарчы інстытут, дзе здолеў адвучыцца ўсяго 1 сэмэстар. Сышоў, не ягонае. Бацька да цяперашняга часу са шкадаваньнем кажа пра гэты учынак: “Не захацеў дармавое калгаснае мяса есьці”.. – кажа сталейшы Дашкевіч.

.. калі галадоўкамі пратэсту, дамагаўся ці тое свабоды, ці тое права маладафронтаўцаў на навучаньне.


Так, ён не захацеў. Ёсьць маладафронтаўская легенда пра тое, што Зьміцер у 2000 годзе прыйшоў на іспыт у БДУ у белай саколцы з выяваю Пагоні, паступаць хацеў на журфак. Не ўзялі. І дзіўна, так, чаго ж гэта не ўзялі? : )

За што ўвесь час “традыцыйна й рытуальна” запраўляў канфіскаваныя шнуркі пасля чарговых “адсідак”.


Тады Зьміцер у 2002 годзе паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт, вучыўся па спэцыяльнасьці “Беларуская філялёгія”, цяпер мае дыплём філёляга й настаўніка беларускай мовы.


Ён быў героем Плошчы – 2006. Ды-джэем Адраджэньня і новае надзеі.


Цікава, што Зьміцер не любіў беларускую мову ў дзяцінстве, хоць бацька па-беларуску размаўляў; лічыў, што калгасная яна. Але ў 1995 годзе, калі Лукашэнка зьмяніў на фальсыфікаваным рэфэрэндуме сьцяг, герб і мову, уразумеў, што адбываецца ганебнае адрачэньне ад сваёй гісторыі й спадчыны. І тады загаварыў. І як хораша ж загаварыў, зьвязваючы свой далейшы лёс зь цяпер ужо даражэйшым скарбам беларускага народу – з моваю. І зараз часам, калі хоча прысароміць маладафронтаўцаў за расейскую гаворку, кажа: я гэтак жа па-расейску гаварыў.

Так і пачаўся шлях Зьмітра ў “Малады фронт”.

Калі я ягонага бацьку пытаюся, дык які быў Дашкевіч-малодшы, калі быў яшчэ ў Старых Дарогах? Бацька ўдумліва і нетарапліва кажа, што такі, які ён быў і такі, якім ён стаў – гэта неба і зямля. Два розныя чалавекі.

Удзельнічаў ва ўсіх дабрачыных мерапрыемствах. Не цураўся,а з радасьцю быў Сантам для дзетак з дзіцячых дамоў.

Жыцьцё закруцілася. Зьміцер быў гарачым маладым чалавекам, балюча ўспрымаючы ўсё тое, што адбывалася навокал. Ён рашуча выходзіў на ўсе акцыі пратэсту і мерапрыемствы дэмакратычных сілаў, падстаўляючы сябе пад зьбіцьцё і адміністратыўны перасьлед. Яшчэ юнаком Зьміцер больш як паўгады агульнага часу правёў на драўляных акрэсьцінскіх дошках. І што з таго? Захаваньне уласнае годнасьці, палітычны рост і узвышэньне сваіх перакананьняў – адзін бок мэдалю; непаразуменьні з бацькамі, нажытыя навечна праблемы са сьпіною – другі бок мэдалю. Юнака забіралі на хуткай дапамогі з моцным болем у сьпіне, які зрэдку сустракаецца ў мужчынаў пасьля год 40-50. І што віною? Драўляныя “сцэны” і бэтонныя сьцены. І вера, што хутка гэта ўсё скончыцца.

Юнак узрастаў і з вулічнага барацьбіта пераўтвараўся ў сталага палітычнага лідэра. За сьпіною – маладыя хлопцы і дзяўчаткі, што з гонарам завуцца маладафронтаўцамі, ягоныя верныя сябры і паплечнікі. З каторымі можна было дзяліць праблемы, перажываньні і разам адстойваць прынцыпы свабоды ў нашай краіне. І мы былі ўдзячныя яму за ягоны шлях, кожны з нас захапляўся ім па-свойму, па-рознаму. Юнакі часта стоячы віталі яго падчас выступаў на кангрэсах, форумах, канфэрэнцыях, тады калі Зьміцер рабіў асабліва рэзкія заявы накшталт, што “Малады Фронт” падтрымае ўсіх апроч камуністаў у 2006 – яшчэ з маладосьці Зьміцер разумеў і адстойваў ідэю, што пабудаваць краіну можна толькі на Божым падмурку. І трымаўся сваіх прынцыпаў, нягледзячы на цкаваньні паплечнікаў па дэмакратычным руху; ведаў, што маладафронтаўцы – за яго. Зьміцер рос на вачох, ягоныя палымяныя прамовы, ягоныя таленавітыя артыкулы на папулярных інтэрнэт-рэсурсах, дзе Зьміцер цьвердзіў упарта і пасьлядоўна, што толькі мы самі здабудзем сваю перамогу, толькі ад нас саміх залежыць далейшы лёс краіны, прываблівалі соцень людзей. Зьміцер жыве гэтай ідэяй і шчыра верыць, што перамагчы могуць толькі самі беларусы – ня Ўсход і ня Захад не здабудуць нашай свабоды.

Ён - эвангельскі хрысьціянін. Молячыся, уздымаў рукі, вымальваючы літасьць для нашага народу.



Зараз Зьміцер за кратамі з пэрспэктываю застацца там на 10 год…сьмешна паверыць у выдумку ўлады, што за дзень да такой значнай падзеі, як Плошча-2011 Зьміцер зьбіў людзей на вуліцы. Відаць, “чэкісты” спрабуюць сыграць на паралелях з сытуацыяй, калі яшчэ 17-гадовым юнаком Зьміцер патрапіў у хлапечую бойку, за што меў умоўную судзімасьць. Гэты непрыемны факт нават выйшаў на БТ у фільме “Кіднэпінг”, але яшчэ больш дадаў папулярнасьці Зьмітру – людзі пабачылі, што ён не такі агалцелы “сэктант”, якім яго выстаўляе дзяржаўная, а часам і недзяржаўная прапаганда.J

Зьміцер, хутчэй вяртайся да нас! Мы ўсе вельмі-вельмі чакаем цябе на свабодзе: з насычанаю чорнаю гарбатаю бяз цукру і гарою шакаляду, як ты любіш…

Наста Палажанка, намесьніца старшыні "Маладога Фронту" (вызваленая з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе)





Усе партрэты на фоне кратаў