Да сьпісу беларускіх неўязных у ЭЗ дададуць 19 прозьвішчаў

Як стала вядома карэспандэнту Радыё Свабода ў Брусэлі, да сьпісу неўязных беларускіх афіцыйных асобаў Эўразьвяз дадасьць 19 прозьвішчаў.

Рашэньне пашырыць сьпіс можа быць прынятае ўжо 21 сакавіка, падчас сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

Мая Кацыянчыч, прэс-сакратар Кэтрын Эштан, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі, сказала нашаму карэспандэнту, што сьпіс будзе абнаўляцца ў залежнасьці ад сытуацыі ў Беларусі:

"Я думаю, мы сказалі выразна, што мы хочам бачыць, а менавіта – вызваленьне ўсіх затрыманых па палітычных прычынах. Але гэтага не адбылося. Насамрэч цяпер існуе супрацьлеглая тэндэнцыя – судзіць і засуджваць гэтых людзей".

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт сказаў нашаму радыё, што сярод новых людзей, дададзеных у сьпіс неўязных, будуць судзьдзі і пракуроры, датычныя да справаў супраць прадстаўнікоў апазыцыі, ды кіраўнікі ВНУ, якія адлічваюць студэнтаў за палітычную актыўнасьць:

"Гэта людзі, якія займаюцца судовымі справамі, што цяпер адбываюцца. І людзі, якія адлічаюць студэнтаў з унівэрсытэтаў. Наша ўвага засяроджаная цяпер на гэтых двух сэктарах".

Да сьпісу будзе дададзена прозьвішча былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, якое памылкова не знайшлося ў сьпісе, адноўленым Эўразьвязам 31 студзеня 2011. Са сьпісу будзе таксама выкрасьлена прозьвішча памерлай асобы, якое знайшлося там з-за недагляду.

Паводле ананімнай крыніцы ў Радзе Эўразьвязу, магчымасьць прыняцьця Брусэлем эканамічных санкцый супраць Менску – малаверагодная. Але Брусэль разглядае магчымасьць увядзеньня "квазіэканамічных" санкцый супраць кампаній, якія прадукуюць сьлезацечны газ або абсталяваньне, якое беларускія ўлады выкарыстоўваюць супраць дэманстрантаў.