Нясвоечасовая АЭС у Беларусі

“Сьвет пераглядае стаўленьне да атамнай энэргіі, а Расея інвэстуе 9 млрд. даляраў у АЭС у Беларусі” – піша The Christian Science Monitor.

Расея выклікала спрэчкі, абвясьціўшы, што дасьць палітычна нестабільнай Беларусі крэдыт памерам больш за 9 млрд. даляраў на будаўніцтва АЭС каля Астраўца (Гарадзенская вобласьць), усяго за 50 міляў ад Вільні. Пагадненьне глыбока ўстрывожыла Літву і крытыкуецца эколягамі. Яны сьцьвярджаюць, што канструкцыя рэактара не прайшла належных выпрабаваньняў, дасьледаваньні ўплыву АЭС на экалягічную сытуацыю няпоўныя, а рашэньне прынятае без удзелу грамадзкасьці. Паводле кантракту, першы энэргаблёк пачне працу ў 2016 годзе, а іншыя, агульным лікам да чатырох, -- да 2025 году.

Заява аб дамоўленасьці выглядае на зьдзіўленьне несвоечасовай: у Японіі працягвае разгортвацца ядзерная трагедыя, на расейскім Далёкім Усходзе існуюць перасьцярогі, што вецер прынясе радыеактыўныя ападкі з пацярпелай АЭС "Фукусіма ", да якой усяго некалькі соцень міляў.

Крытыкі кажуць, што ў дадзеным выпадку палітычная выгада пераважвае ўсе іншыя меркаваньні. Лукашэнка востра мае патрэбу ў падтрымцы Крамля, каб выратаваць сваю эканоміку, і, мабыць, сьпешна гоніць сваю краіну ў моцныя абдымкі Расеі.

"Пасьля перасьледу апазыцыі, які пачаўся ў сьнежні мінулага году, Лукашэнка
Лукашэнка не можа атрымаць дапамогі альбо крэдытаў ад ЭЗ, і з гэтага часу Расея -- адзіная патэнцыйная крыніца фінансаваньня.
не можа атрымаць дапамогі альбо крэдытаў ад ЭЗ, і з гэтага часу Расея -- адзіная патэнцыйная крыніца фінансаваньня. Расейскі бок больш не жадае забясьпечваць Беларусь дабрачыннымі ахвяраваньнямі, але ахвотна скарыстаецца ўразьлівасьцю Лукашэнкі", -- кажа Яраслаў Раманчук, намесьнік старшыні беларускай апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Паводле расейскіх аналітыкаў, для Расеі працэс эканамічнай рэінтэграцыі ў постсавецкай прасторы -- цяпер прыярытэтная задача. Яна прадугледжвае стварэньне адзінай энэргасеткі і маштабную праграму будаўніцтва АЭС. Курс Расеі прадыктаваны не настальгіяй альбо жаданьнем адрадзіць СССР, а аб'ектыўнай неабходнасьцю: у сучасным сьвеце ствараюцца магутныя эканамічныя кластэры краін тыпу Эўразьвязу, а тым, хто застаецца за іх межамі, даводзіцца ствараць уласныя кластэры, заўважыў Уладзімер Жарыхін, намесьнік дырэктара расейскага Інстытуту краін СНД.