Пад дыктоўку Віктара Шалкевіча

Сёньня арганізатары агульнабеларускай дыктоўкі ў Горадні вызначацца з тым — які канкрэтна тэкст прагучыць. Гэтым разам было прапанавана прачытаць яго Віктару Шалкевічу. Ён папрасіў час, каб выбраць адпаведны ўрывак з твора пісьменьніка Аляксея Карпюка.

Дыктоўка, у якой штогод прымае ўдзел некалькі сотняў удзельнікаў, пройдзе пад лёзунгам "Гародня заўсёды з мовай!". Традыцыйна ўсе ўдзельнікі атрымаюць падарункі.

Агульнабеларуская дыктоўка ў Горадні адбудзецца са спазьненьнем — 20 сакавіка. Як патлумачыў адзін з арганізатараў Павал Мажэйка, у Горадні прытрымліваюцца пачатковай задумы: першая дыктоўка прайшла з нагоды 90-й гадавіны БНР. Чаму сёлета яе ўдзельнікі будуць пісаць тэкст аўтарства Аляксея Карпюка? Па-першае, адпачатку было дамоўлена браць творы гарадзенскіх аўтараў або прысьвечаныя гарадзенскай тэматыцы. Па-другое, кажа Павал Мажэйка, апошнім часам працягваецца грамадзкая ініцыятыва за тое, каб у Горадні належным чынам ушанаваць памяць пісьменьніка-земляка, якім памёр у 1992 годзе. Улады пакуль насустрач не пайшлі.

Дыктоўку арганізуюць супольна гарадзенскія арганізацыі ТБШ, ТБМ, Рух “За свабоду”, выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”.