Цётка Някляева: “Хлапец — ад душы! І за што яму такое гора?”

Алена Магер

У дзень салідарнасьці з палітвязьнямі маральную падтрымку экс-кандыдату ў прэзыдэнты Ўладзімеру Някляеву выказвае Алена Магер – 82-гадовая цётка паэта і палітыка, якая жыве на ягонай радзіме ў мястэчку Крэва на Смаргоншчыне.

Два гады таму, у красавіку 2009-га, у атачэньні шматлікіх крэўных Уладзімер Някляеў віншаваў сваю любімую цётку Алену зь юбілеем. Тосты за здароўе і дабрабыт перарасьлі ў імправізаваныя публічныя чытаньні – на суд родных была прадстаўленая паэма пад назвай "Вялікдзень", таксама прысьвечаная цётцы.

Your browser doesn’t support HTML5

Уладзімер Някляеў на юбілеі цёткі



Сёлета, хутчэй за ўсё, дзень нараджэньня для Алены Аляксандраўны абыдзецца без пляменьніка:

"Ён тут нарадзіўся, у Крэве, пачыналі тут хадзіць у школу, бо ў яго ж яшчэ і брат ёсьць. А пасьля ўжо пераехалі ў Смаргоні, дзе бацька, сьвёкар мой, аддаў адзін канец дому. Ну, а потым ужо паехаў у Менск, там вучыўся. Выйшаў чалавек як трэба. І вось здарылася ж такая непрыемнасьць… Бог яго ведае, чаму так павярнулася. Але ж я вам скажу, што ў жыцьці ўсялякае бывае – нехта і п'яніца, і жулікаваты, а гэта ж хлапец ад душы! Ад душы. Я ж сама не дурная, бачу. І тут такое яму гора! У чым ён вінаваты – зусім гэтага не разумею".

Дом цёткі Алены, дзе Ўладзімер Някляеў заўсёды быў жаданым госьцем

Алену Магер у Крэве ведаюць усе. Як некалі згадваў сам Уладзімер Някляеў, яна – першая ў мястэчку верніца, сьпявае ў царкоўным хоры, крэўскі бацюшка яе ўсяляк расхвальвае. А ў кампанію прэзыдэнцкіх выбараў гэтая ўвага яшчэ больш вырасла. Толькі вось — ці на шчасьце?

"За людзьмі сёньня не зразумееш, каму што падабаецца, а каму – не. Але як з майго разуменьня, то чалавек з усіх бакоў станоўчы. Прыедзе, паздароўкаецца, пажартуе дасьціпна. Я сьмяялася: як памру, то хаця прыяжджайце. Дык ён кажа: “Цётачка, з таго сьвету дастанем цябе, ня будзеш там у самоце. Бо ты ж у мяне, цётачка, адна тут”. А я кажу, што і там адна ня буду, бо ўжо ж гаспадар мой там і сын старэйшы таксама. Таму свайго гора мела, спагадаю кожнаму. Ну, а ён жа ў гэтым баку сапраўды амаль адзін: няма ж ужо ні бацькі, ні маткі, брат толькі ў Смаргонях. Няма асабліва куды і вяртацца. Але едзе, дзе жыў. Паходзіць па полі, да замку пойдзе, навокал усё абыдзе. І трэба ж такое гора атрымаць! Што ж зробіш, кожнаму, відаць, наканавана сваё гора адбыць".
Цётачка, з таго сьвету дастанем цябе, ня будзеш там у самоце. Бо ты ж у мяне, цётачка, адна тут...


Алена Аляксандраўна перажывае, што з адной турмы пляменьнік пераехаў у іншую. Ды яшчэ ахоўнікаў з сабой "прыхапіў":

"Вось гэтага, я вам скажу, не разумею. Хоць я ўжо і старая баба, шмат у чым не разьбіраюся, але ж гэта не злачынца. Казала і кажу: каб гэта які быў нягоднік ці скандаліст. А то ж самастойны, паважаны чалавек! Дзе куды трэба, дык завуць, каб выступіў. І да нас у школу летась прыяжджаў, паклікалі. Вакол да яго людзі ставіліся як мае быць. Чаму цяпер такі няшчасны, што яшчэ два міліцыянэры пільнуюць?"

Карэспандэнт: "Вы ўвогуле ўяўляеце яго ня толькі як пляменьніка, але і як прэзыдэнта краіны?"

"Добры чалавек, што ж тут скажаш. Хоць цяпер пачынаеш карыцца, што і працу меў добрую, а такія вось пакуты. Хто яго настройваў на гэтага прэзыдэнта? Колькі ўжо таго жыцьця чалавечага, каб ісьці на такую пагібель? Вядома, чалавек ад душы добры, нічога не скажу. І хоць ён мне ня простая радня, а мужыка сястры сын, але ж для мяне заўсёды як самы родны, і ставіўся заўсёды пяшчотна. І Ванька, брат ягоны, мне таксама добры. Людзі ўсе добрыя, а так прападаюць бяз толку. Усе ім нэрвы зьядуць, пакуль гэтае жыцьцё адбудуць".
Для мяне заўсёды як самы родны, і ставіўся заўсёды пяшчотна...


Спадарыня Алена лічыць ненармальнай сытуацыю, калі людзі хочуць прагаласаваць за таго, хто ім падабаецца, але баяцца:

"У людзей усяго ёсьць, усялякіх страхаў. І, шчыра кажучы, я сама перажывала, каб да маіх сыноў з-за гэтага сваяцтва не пачалі чапляцца. Бо ніхто і разьбірацца ня будзе, што тут да чаго. Як тады, што ў царкву не хацелі пускаць. Бацюшка ж сказаў: “Я ня маю права ні ад кога царкву зачыняць, хто хоча, той ідзе”. Але ж хтосьці ўжо западозрыў нешта, не хацелі сабе непрыемнасьцяў. А калі чалавек да споведзі прыходзіў, таксама не пускаць?"

Перадвыбарны плякат пляменьніка і кандыдата ў прэзыдэнты – на пачэсным месцы

Гэта спадарыня Алена згадвае адзін з апошніх перадвыбарных прыездаў Уладзімера Някляева, калі мясцовага бацюшку выклікалі ў Смаргонскі райвыканкам на "гутарку" – маўляў, ніякай самадзейнасьці. Параілі нават зачыніць царкву на час знаходжаньня Някляева ў Крэве. Гэта пры тым, што царква, якую будавалі ў тым ліку дзяды і прадзеды Някляева, дзейнічала нават пад акупацыяй:

"Я і пры мінулым бацюшку, і пры гэтым увесь час хадзіла. Але цяпер ужо мала людзей у царкве: то пахварэлі, то ўжо старыя, то ўвогуле паўміралі. Але ж, як той казаў, калі ногі ня хочуць хадзіць (а мне ж ужо за 80), то сваё ўжо адхадзіла. Нічога тут ня зробіш".

Карэспандэнт: "Наўрад ці Ўладзімер Пракопавіч мае шанец цяпер пачуць ваш голас, але што бы вы яму пажадалі?"

"Ну што ў гэтай сытуацыі можна пажадаць? Толькі найлепшага, здароўя моцнага. Каб выйшаў, на рабоце каб зноў апынуўся. І каб спаткацца зноў, як тады сам казаў: “Цётачка, з таго сьвету прывязём, ня будзеш там ляжаць”. Бо як прыяжджаў, заўсёды неяк весялей рабілася. Мне ўвогуле пашанцавала: і гэты, хоць і пляменьнік, добры, і свае сыны вырасьлі добрыя, нічога ня скажаш..."

Your browser doesn’t support HTML5

Цётка Някляева пра паэта і экс-кандыдата