Землятрус у Японіі: 50 ахвяраў, Фукусіма затопленая

Будынкі, ахопленыя агнём, змывае цунамі. Наторы, паўночны усход Японіі. 11 сакавіка 2011 г.

Паўночнае ўзьбярэжжа Японіі затопленае пасьля 10-мэтровай хвалі цунамі, якая змывала ўсё на сваім шляху ў прэфэктуры Фукусіма.

Ціхаакіянскі цэнтр папярэджаньня цунамі на Гаваях абвясьціў аб небясьпецы цунамі амаль для ўсяго ціхаакіянскага ўзьбярэжжа. Цунамі чакаюць цяпер на Гаваях, пасьля – на ўзьбярэжжы Каліфорніі у ЗША.

Цунамі папярэднічаў землятрус магнітудай 8,9, наймацнейшы ў гісторыі Японіі. Колькасьць ахвяраў, як паведамляецца, павялічылася.

Паводле японскага інфармацыйнага агенцтва Кіода, як найменей 50 чалавек загінулі альбо зьніклі без зьвестак. Паведамленьні аб пажарах паступалі з 80 месцаў.