Аргкамітэт кампаніі "Стоп-бэнзін" рыхтуецца да супраціву

Ад 3 сакавіка ў Беларусі падвышаныя адпускныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз аўтазаправачныя станцыі. Распараджэньне канцэрну "Белнафтахім" павялічыла кошты ў сярэднім на 6,6%. Яшчэ днямі прадстаўнікі ведамства запэўнівалі, што карэктаваць іх не зьбіраюцца. На знак пратэсту супраць неапраўданага росту цэнаў узьнікла кампанія "Стоп-бэнзін", да якой далучыліся сотні кіроўцаў па ўсёй краіне.

Кіроўцаў, якія сёньня прыехалі на аўтазаправачныя станцыі, чакаў непрыемны сюрпрыз. Шмат хто абураецца, што яшчэ напачатку тыдня прадстаўнікі канцэрну "Белнафтахім" "разьвейвалі" міты пра нібыта беспадстаўныя чуткі наконт падаражэньня паліва:

"Учора запраўлялася, калі б ведала, што чакаецца, заліла б ня 10 літраў, а поўны бак. Хоць, зь іншага боку, на ўсё жыцьцё не заправісься. Цяпер ужо давядзецца езьдзіць за 3 тысячы. Але неяк гэта ўсё не ўсяляе аптымізму, таму што ўсё даражэе. Абсалютна лягічна: гэта ж гаручае, вырастуць транспартныя выдаткі. Таму трэба чакаць скачка цэнаў літаральна на ўсё. І за ўсё будзем самі плаціць, са сваёй кішэні".

"Цэны на паліва і заробкі непрапарцыянальныя. Даражэе бэнзін — чакай ланцуговай рэакцыі. Але ж каб адпаведна падвысіць заробак — пра гэта ж пытаньне не стаіць. Таму дадзелі ўжо такія сюрпрызы, асабліва калі кашулю на сабе рвуць, запэўніваюць, што ніякага падвышэньня не плянуецца. А потым ставяць перад такім вось фактам. Прыкра!"

Найбольш падаражэла папулярнае найперш у вясковых аўтааматараў дызэльнае паліва — больш чым на 10%. Цяпер літар саляркі абыдзецца ў 2850 рублёў, істотна абышоўшы аўтабэнзін гатунку "Нармаль-80" — той каштуе 2400 рублёў. АІ-92 вырас да 3 тысяч рублёў, АІ-95 — да 3400 рублёў.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак кажа, што непапулярны крок уладаў быў прагназаваны. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з-за новых умоваў паставак расейскай нафты нясуць страты, экспартны складнік паставак нафтапрадуктаў істотна зьніжаны, што вымагае пошуку нейкага выйсьця. Звычайна гэта вырашаецца шляхам падвышэньня цэнаў для спажыўцоў:

"Зьвярніце ўвагу, што спачатку, ад 1 лютага, падвысіліся цэны на цёмныя нафтапрадукты, сьветлых гатункаў гэта ня тычылася. Тады ў канцэрне "Белнафтахім" афіцыйна камэнтавалі, што яны не плянуюць падвышаць цэны на аўтабэнзіны. Але стрымаць немінучае немагчыма. Мы бачым, як растуць цэны на прадукты харчаваньня, а калі падвышаць кошты і на нафтапрадукты, асабліва на сьветлыя, — канечне ж, гэта новы віток інфляцыі. У гэтай сытуацыі хочацца, натуральна, максымальна стрымаць інфляцыйныя працэсы. Таму робіцца ўсё магчымае і, мабыць, немагчымае, каб стрымаць цэны на нафтапрадукты. Але ж даволі складана гэта рабіць. Нафтавікам таксама патрэбныя грошы, і нашмат больш, чым у мінулым годзе, каб закупляць, перш за ўсё, нафту. Для гэтага неабходная валюта. Таму падвышэньне цэнаў адбылося, гэта першае падвышэньне за даволі доўгі час".

Як паказвае практыка, цягам году цэны на паліва карэктуюцца ў бок павелічэньня 3—4 разы. Як кажа адзін з ініцыятараў кампаніі "Стоп-бэнзін" Канстанцін Міхайлаў, улады такімі крокамі настройваюць супраць сябе значную колькасьць актыўнай часткі насельніцтва:

"Усё паўтараецца адзін у адзін, як і мінулым разам. Стыль нічым не адрозьніваецца. Закідвалі навіну пра тое, што канцэрн не плянуе падвышаць цэны, і ў лютым сапраўды вырасьлі цэны толькі на мазуты, на іншыя цяжкія гатункі нафтапрадуктаў. Пры гэтым сьцьвярджалі, што сьветлыя маркі застануцца бязь зьменаў. І вось вам калі ласка, усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Вось і вер пасьля гэтага людзям. Таму будзем змагацца, будзем ладзіць акцыі. Як гэта будзе выглядаць, пакуль сказаць цяжка. Сёньня зьбярэцца аргкамітэт, ініцыятыўная група, будзем думаць, прымаць нейкія рашэньні. Што наклейкі будуць — гэта адназначна, але наконт акцый, часу будзе вядома пазьней".

Нагадаем, што летась у Беларусі цэны на паліва падвышаліся тройчы, агулам — на 17%. Імклівы рост выклікаў незадавальненьне значнай часткі аўтааматараў, якія далучыліся да кампаніі "Стоп-бэнзін", ладзячы мірныя акцыі пратэсту на АЗС.