Дэпутат Бундэстагу асуджае сумесныя збройныя гешэфты Лукашэнкі і Кадафі

Прадстаўніца фракцыі зялёных у нямецкім парлямэнце і каардынатар па пытаньнях палітыкі Ўсходняй Эўропы Марылюіза Бэк заявіла сёньня, што сваімі пастаўкамі зброі ў Лібію і Кот-д'Івуар дыктатар Лукашэнка дэманструе сваё сапраўднае аблічча і становіцца побач з усясьветна вядомымі злачынцамі-ізгоямі.

Ігнаруючы эмбарга ААН на пастаўкі зброі, беларускі кіраўнік ставіць сябе па-за міжнароднай супольнасьцю. Адначасна з катаваньнямі сваіх палітычных праціўнікаў у турме КДБ Лукашэнка дапамагае Кадафі і Гбагбо нішчыць іхнія народы. Лукашэнка заслугоўвае такога ж асуджэньня, як і тыя дэспаты, якіх ён падтрымлівае.

Міжнародная супольнасьць дагэтуль недаацэньвала менскага дыктатара як пагрозу міжнароднай бясьпецы, хоць і раней існавалі здагадкі, што Лукашэнка вядзе нядобрасумленныя пастаўкі зброі ў крызісныя рэгіёны, дзе на гэта накладзенае эмбарга. Такія дзеяньні не павінны заставацца без наступстваў. Міжнародная супольнасьць павінна нарэшце пачаць пільна сачыць за беларускім экспартам зброі, падкрэсьліла Марылюіза Бэк.