У Амане -- масавыя непарадкі

У Амане ўсьлед за шэрагам іншых арабскіх дзяржаваў успыхнулі масавыя непарадкі. Паводле апошніх дадзеных, у выніку сутычак дэманстрантаў зь сіламі бясьпекі ў горадзе Сахар у нядзелю загінулі 6 чалавек. Спалены мясцовы супэрмаркет. Сёньня пратэстоўцы перакрылі дарогі, якія вядуць да галоўнага порту краіны і асноўнага нафтаперапрацоўнага завода.

Удзельнікі акцыяў пратэсту патрабуюць палітычных і эканамічных рэформаў. У Амане ўжо 40 гадоў кіруе султан Кабус, які мае неабмежаваныя паўнамоцтвы. Учора султан зрабіў перастаноўкі ва ўрадзе і абвясьціў пра стварэньне 50 тысяч новых працоўных месцаў у дзяржаўным сэктары.