Клінаў: Мой «Шалом» — гэта «Вайна і мір»

Артур Клінаў

Сёньня ў рамках 18-й Менскай кніжнай выставы-кірмашу свае творы прэзэнтавалі Артур Клінаў і Валянцін Акудовіч. Каб прыцягнуць увагу да беларускай кнігі і прадставіць наведнікам максымальную колькасьць выданьняў, незалежныя выдаўцы аб’ядналіся на адным стэндзе і з дапамогай знакавых асобаў ладзяць сустрэчы з чытачамі.

Хоць памер стэнду незалежных выдаўцоў сьціплы — усяго два квадратныя мэтры — на подступах да яго найбольш шматлюдна. Аб’яднаныя агульнай мэтай выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Лімарыус», Зьміцер Колас, выдавецкая сэрыя «Бацькаўшчыны», часопісы «ARCHE», «Дзеяслоў» і «pARTisan» вырашылі дзейнічаць з дапамогай саміх жа аўтараў.

Літаратурны маратон адкрыў мастак Артур Клінаў, які апошнім часам асвойвае «сумежныя» спэцыяльнасьці. Ён — галоўны рэдактар і выдавец альманаху сучаснай беларускай культуры «pARTisan», мастак-пастаноўшчык першага беларускага фільму жахаў «Масакра», аўтар альбому беларускага актуальнага мастацтва «Дванаццаць», фотаальбому «Горад Сонца» і раману «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца». У рамках кніжнай выставы ён прэзэнтаваў свой новы твор — ваенны раман «Шалом».

Як тлумачыць сам Клінаў, шалом — гэта ня толькі традыцыйнае для сэміцкіх моваў вітаньне. Так падчас Першай усясьветнай вайны яшчэ называлі кайзэраўскую каску.

Паводле сюжэту, герой рамана — мастак набыў антыкварны «галаўны ўбор» і катэгарычна адмаўляецца здымаць каску. У такім «прыкідзе» ён вандруе празь межы і, што характэрна, — пераважна нападпітку. А што схавана ў падтэксьце?

«Раман на самой справе цікавы, зьмястоўны. У пэўным сэнсе — гэта мэтафара сучаснай Беларусі. Гэты чалавек, наш галоўны герой, надзяе на галаву кайзэраўскую каску часоў Першай усясьветнай вайны і вырашае ніколі ў жыцьці яе не здымаць. І вось ён з Бона, зь Нямеччыны вяртаецца ў родны горад Магілёў. Зразумела, што чалавек у кайзэраўскай касцы ў Магілёве напэўна ж прыцягне да сябе ня тое што ўвагу, а накліча на сябе шмат прыгодаў ды ўсяго іншага…».

Карэспандэнт: «І ў чым жа тут мэтафара Беларусі?»

«Беларусь таксама ў нечым падобная да чалавека, які надзеў тую каску. Бо наша краіна — яна і ня з Захадам, і не з Усходам, а ўсё шукае нейкі трэці ці „-наццаты“ ўласны шлях, бунтуючы супраць усіх. Чаму гэта яшчэ ваенны раман — таму што гэта бунт нашага галоўнага героя, які адбываецца ў сучаснасьці, бунт супраць усяго сьвету. Бо „шалом“ на сэміцкіх мовах — гэта мір. І ў назьве ёсьць, натуральна, гульня слоў: калі шалом — гэта мір, і ваенны раман, то ў перакладзе на нармальную мову атрымліваецца ні многа ні мала „Вайна і мір“».

Клінаўскі «Шалом» суправаджаецца адпаведным прамоўшнам на адмыслова створаным сайце. Рэклямная кампанія ідзе пад лёзунгам: «„Шалом“ у кожны дом!». Уражаньнямі ад чытва дзеляцца вядомыя літаратары, крытыкі, музыкі, кінэматаграфісты, а ўласна інфармацыйная падтрымка грунтуецца на фантазіі самога аўтара. Як прыклад — «Пуціна бачылі ў тайнай ложы Вялікага тэатру ў прускім шаломе!». Артур Клінаў кажа, што ўся кампанія па прамоцыі кнігі будзе адбывацца ў выглядзе жыцьцярадаснага пэрформансу:

«Сапраўды, у нашай кампаніі ёсьць такая акцыя — „Шалом“ у кожны дом!». Усяго будзе 300 нумарных асобнікаў кнігі. Частка нумарных асобнікаў ужо прададзеная, а зараз мы пранумаруем чарговую нумарную сэрыю, якая пачнецца ад № 67. Ну, і зразумела, што нумарныя асобнікі — гэта заўсёды лепш, чым проста асобнікі. Гэта рэч калекцыйная, якая заўсёды будзе мець большую вартасьць. Так што разам з аўтарскім аўтографам ёсьць сэнс гэта набыць. Чытайце цікавы раман!«.

Аўтографы ад Клінава.

Сёньня ўвечары з прыхільнікамі сваёй творчасьці сустрэўся і філёзаф Валянцін Акудовіч, які папулярна патлумачыў глыбінныя матывы сваіх апошніх кніг «Код адсутнасьці» і «Архіпэляг Беларусь».

Наступнымі днямі ля стэнду незалежных выдаўцоў сустрэчы з чытачамі наладзяць галоўны рэдактар часопіса «ARCHE» Валер Булгакаў, паэты Андрэй Хадановіч, Арцём Кавалеўскі, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, перакладчыкі Вера Жыбуль, Антон Францішак Брыль ды іншыя.