Праваабаронцы: «Масавыя арышты? Тады будуйце больш турмаў»

Праваабаронцы Аляксей Казьлюк, Ігар Сажын, Алена Танкачова.

Праваабаронцы зь Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі разам зь беларускім Цэнтрам прававой трансфармацыі апрацавалі і дасьледавалі 205 анкет затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня ў Менску.

«Гвалт ужываўся адносна кожнага чацьвёртага затрыманага і суправаджаўся зьдзекамі і зьнявагай. Пры гэтым асноўная частка затрыманых не аказвалі ніякага супраціву. Прадстаўнікі улады ў кожным шостым выпадку затрыманьняў ня мелі знакаў адрозьненьня і нават хавалі свае твары пад маскамі».

Пра гэта пішуць аўтары дасьледаваньня, зробленага на падставе 205 анкет затрыманых у Менску 19 сьнежня. Сярод дасьледчыкаў — вядомы расейскі праваабаронца Ігар Сажын, які шмат працаваў як грамадзкі экспэрт у Чачні, Інгушэціі ды іншых «гарачых кропках» Расеі. Ігар Сажын кажа пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Найбольш фактаў ужываньня гвалту разам са зьнявагай і прыніжэньнем адбываліся ў момант затрыманьняў і дастаўленьня затрыманых да транспартных сродкаў.
«На падставе гэтай сур’ёзнай працы былі зробленыя наступныя высновы. Першае — найбольш фактаў ужываньня гвалту разам са зьнявагай і прыніжэньнем адбываліся ў момант затрыманьняў і дастаўленьня затрыманых да транспартных сродкаў. І гэта пры тым, што асноўная частка затрыманых не аказвала ніякага супраціву і шмат хто стаяў з паднятымі рукамі. Прадстаўнікі ўлады ў кожным шостым выпадку затрыманьняў ня мелі знакаў адрозьненьня і нават хавалі свае твары пад маскамі».

Паводле дасьледчыкаў, зьдзек працягваўся і ў судах, прычым адзначаецца, што палова затрыманых была асуджаная ўпершыню. Да такіх справаў судзьдзі мусілі паставіцца асабліва ўважліва, але замест гэтага — судовы канвэер, адзначае расейскі экспэрт Ігар Сажын.

«Мы сутыкнуліся з тым, што на працэсы не выклікалі адвакатаў, ня толькі дзяржаўнага, але і ўжо нанятага кліентамі. Не дапускалі сьведак — нават калі чалавек казаў, што гатовы прадставіць сьведак, якія пацьвердзяць ягоныя словы, што ён увогуле ішоў міма. Не, не пускалі. Таксама не дапускалі сваякоў, журналістаў і публіку. І гэта масава».

Праваабаронцы зрабілі выснову, што ніводзін з болей як 700 асуджаных ня быў асуджаны бяз пэўных парушэньняў. Зараз праваабаронцы з Цэнтра прававых трансфармацый маюць каля 40 скаргаў на прысуды, якія будуць накіроўваць у суд вышэйшай інстанцыі і ў пракуратуру. Першы працэс па скарзе на прысуд раённага суду адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе ўжо ў пятніцу, 11 лютага.

Your browser doesn’t support HTML5

Супраць чвэрці затрыманых ужываўся гвалт



«Адбыцьцё пакараньня таксама суправаджалася масавымі парушэньнямі правоў людзей ва ўсіх трох месцах зьняволеньня: у ізалятарах на Акрэсьціна, на вуліцы Скарыны і ў Жодзіне», — паведаміў беларускі экспэрт Аляксей Казьлюк. Перанаселеныя камэры, праблемы зь ежай і вадой, нават са сьвежым паветрам, праблемы з туалетамі — адзначылі праваабаронцы.

Сярод высноваў, якія зрабілі экспэрты Міжнароднай місіі, ёсьць і рэкамэндацыі. Калі улады не адмаўляюцца ад масавых затрыманьняў, варта пераабсталяваць ізалятары ў Менску і Жодзіне, «каб пашырыць магчымасьці гэтых установаў прымаць вялікую колькасьць адміністрацыйна арыштаваных».

Старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова мяркуе, што масавыя акцыі пратэсту ў Беларусі не апошнія, і кажа пра неабходнасьць прававым шляхам прадухіляць парушэньні правоў людзей, якія дапускае міліцыя.

«Трэба перагледзець практыку навучаньня супрацоўнікаў міліцыі. Увесьці такі крытэр — як правы чалавека, пра якія трэба ведаць і ўмець іх выконваць. Каб бяз гэтых ведаў у праваахоўных органах немагчыма было працаваць. І ня толькі ведаць, але захоўваць правы людзей. Ніхто не спрачаецца, што ахоўваць парадак трэба, але трэба гэта рабіць, улічваючы міжнародныя стандарты правоў чалавека».