У Сьветлагорску жанчына «пабіла» чатырох міліцыянтаў

У Сьветлагорску судзяць прадпрымальніцу Лілю Лагуціну за тое, што яна нібыта пабіла мясцовых міліцыянтаў. Крымінальная справа супраць жанчыны заведзена паводле артыкулаў 363 і 364 — супраціў міліцыянтам і гвалт над імі. Максымальны тэрмін пакараньня па апошнім з артыкулаў — 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Як распавяла абвінавачаная, яшчэ восеньню 2009 яна заступілася за мужа — яго затрымлівала міліцыя. Махнула сумкай, каб адчапіліся.

«Адзін з афіцэраў дэпартамэнту аховы, — кажа спадарыня Ліля, — так закруціў мне руку за сьпіну, што я сама ўжо не змагла яе вярнуць назад. Лекары канстатавалі ня толькі вывіх, але й пералом. Спатрэбілася складаная апэрацыя».

Пасьля лячэньня жанчына напісала заяву ў пракуратуру, каб міліцыянта прыцягнулі да адказнасьці за такі гвалт. Аднак выйшла наадварот. Крымінальную справу распачалі супраць самой заяўніцы.

Чакаецца, што прысуд на справе будзе вынесены Сьветлагорскім раённым судом 16 лютага.