Амэрыканскі лекар: “З такім падыходам да здароўя вязьняў можна чакаць усяго”

У свой час амэрыканскі доктар Альбэрт Бэнчабат, які ў 2008 годзе знаходзіўся ў Беларусі ў сувязі з мэдычным аглядам вязьня беларускай турмы Эмануіла Зэльцэра, назваў характар мэдычнай дапамогі ў такіх установах паліятыўным і рудымэнтарным — то бок адсталым і разьлічаным на здыманьне толькі вонкавых сымптомаў захворваньня.

Амэрыканскі доктар падкрэсьліў, што з такім падыходам да здароўя вязьняў можна чакаць ня толькі цяжкіх ускладненьняў, але і сьмяротнага выніку. Паводле Бенчабата, хворага, асабліва хранічнага, які стала ці час ад часу прымае прызначаныя раней лекарам лекі, ні ў якім разе нельга раптоўна і надоўга іх пазбаўляць. Лекі, прывезеныя з ЗША для цяжка хворага Зэльцэра, былі перададзеныя далёка не адразу. Прычынай турэмшчыкі назвалі тое, што на беларускім фармакалягічным рынку няма інфармацыі пра гэтыя прэпараты.

Перададзеныя лекі даходзяць далёка не адразу


Прэпараты, пра якія беларускія зьняволеныя просяць сваіх родных, значацца ў айчынных фармрэестрах. Больш за тое, выпісалі іх менавіта беларускія лекары. Аднак да беларускіх вязьняў, як і да амэрыканца Зэльцэра, лекі даходзяць далёка не адразу.

Былы палітзьняволены Валеры Леванеўскі тлумачыць сытуацыю гэтак:

"У СІЗА няма належных мэдычных паслуг ці нармальнага мэдычнага агляду. Бо галоўная мэта СІЗА — зламаць волю чалавека, зрабіць, каб ён болей хварэў, а таму на яго чыніцца самы розны ціск".
Праблемаў са здароўем, мякка кажучы, дастаткова.


Гэтымі днямі маці грамадзкага актывіста Паўла Севярынца адмыслова прыехала ў Менск, каб перадаць сыну лекі, а таксама падаць шматлікія скаргі: у пракуратуру — адносна таго, што Паўлу не дазваляюць сустрэчы з адвакатам, у Міністэрства аховы здароўя і Міжнародны Чырвоны крыж — адносна таго, што сыну не аказваюць мэдычнай дапамогі і не выдаюць лекаў. Пра лекі Павал Севярынец прасіў яшчэ ў сваім першым лісьце пры канцы сьнежня. Тацяна Севярынец двойчы перадавала сыну мэдыкамэнты. Аднак з апошняга сынавага ліста зразумела, што яны да яго ня трапілі. Таксама жанчына сумняецца, ці аказвалася сыну належная дапамога, як трэба паводле закону.

Пры такіх катаваньнях праблемаў са здароўем будзе досыць


Севярынец: "Ведаеце, якія ў нас праблемы... У нас парок сэрца пры нараджэньні, праляпс мітральнага кляпана. Пры адпаведным стаўленьні да гэтага, адпаведнай своечасовай тэрапіі з гэтым можна пражыць да ста гадоў. Калі рэжым, калі харчаваньне і гэтак далей. Іншая справа, калі хвароба, яе праявы — галаўныя болі, дыстанія і г.д. — цалкам ігнаруюцца. Я бачыла пакуту Паўла. Калі 16 гадоў катуюць чалавека, і турма, і хімія, і да таго ж яшчэ цяжкая фізычная праца, то
Тыдні два быў такі кашаль, што, здавалася, выплюну лёгкія.
дзе ж будзе тое здароўе? Дзе ж ня будзе рэцыдываў, калі лекі вельмі патрэбныя? Ён і дасьледаваньні праходзіў. Суткі хадзіў з апаратам. Зразумела, ён навучыўся з гэтым жыць і ўпраўляцца. Аднак усё трэба пільнаваць".

Жонка даверанай асобы экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Зьмітра Бандарэнкі — Вольга 25 студзеня атрымала ад мужа адзіны за паўтара месяца ліст, які хутчэй нагадваў цыдулку. У ёй муж прасіў жонку перадаць у СІЗА КДБ такія мэдыкамэнты, як амэз, кетапрафэн, папазол.

Бандарэнка: "У яго дастаткова праблемаў са здароўем, мякка кажучы. У яго праблемы і са сьпінай, і з астатнім — страўнікам, ціскам. На волі Зьмітру, які ў юнацтве атрымаў фізычную загартоўку, удавалася неяк падтрымліваць сябе. Інакш было б зусім дрэнна".

Як у мужа са здароўем у СІЗА, Вольга Бандарэнка ня ведае. Ніякіх зьвестак пра тое, ці атрымаў ён лекі, не паступала. Адвакатка Бандарэнкі Мар'яна Сямешка ня бачыла Зьмітра ад 29 сьнежня.

"Адвакаты сядзяць у СІЗА цэлымі днямі, але ўсё — безвынікова. І наагул, пасьля 31 студзеня, калі Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ўвяла візавыя санкцыі, сытуацыя пачала вяртацца на свае колы — ні лістоў, ні сустрэч з адвакатамі", кажа Вольга.

Моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч, які ад сярэдзіны сьнежня ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА, перадачу з мэдыкамэнтамі ад родных усё ж атрымаў. За гэта ён і дзякуе ў сваім лісьце. Як сьведчаць блізкія Зьмітра, першая спроба перадаць лекі была адхіленая. Толькі цяпер у сувязі з пагаршэньнем стану здароўя і падазрэньнем на сухоты, як ён дае зразумець у сваім ліставаньні, мэдыкамэнты прынялі.

Зьміцер піша: "Я тут добра :) Са здароўем былі крыху праблемы — грып, напэўна, тыдні два такі кашаль, што, здавалася, выплюну лёгкія, але цяпер ужо лягчэй. Мяне тут вадзілі на здымак па тубэркулёзу другі раз, але, здаецца, усё нармальна".