Эўразьвяз заклікаў Эгіпет да палітычных зьменаў

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан сёньня зноў заклікала эгіпецкія ўлады да правядзеньня неадкладных палітычных зьменаў, да “пачатку сапраўднага палітычнага пераходу”. Як заявіла Эштан у Брусэлі, “неабходныя неадкладныя, канкрэтныя і рашаючыя крокі, якія б адказалі на дэмакратычныя спадзяваньні эгіпецкага народа.”

Падобныя ж заявы зрабілі францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмерон. Кэтрын Эштан таксама папярэдзіла ўлады Эгіпту пра адказнасьць за бясьпеку людзей у Каіры. Паводле яе тыя, хто спрычыніўся да сьмерцяў і раненьняў, павінны адказваць перад судом. Толькі ў апошніх сутычках у цэнтры Каіру загінулі найменей пяць чалавек.