Эстонія гатовая выдаваць візы беларусам бясплатна

Урмас Паэт

Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт ухваліў рашэньне пра ўвядзеньне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, зьвязаных з актамі гвалту ў адносінах да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня.

Паводле яго слоў, у далейшым Эўразьвязу неабходна праводзіць такую палітыку, якая зможа ўлічваць рэальныя ўмовы і ня будзе ісьці на шкоду грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Адной з такіх магчымасьцяў, як сказаў Урмас Паэт, зьяўляецца праграма Эўразьвязу «Усходняе партнэрства».

«Патрэбна аказваць дапамогу беларускім студэнтам і спрашчаць для людзей магчымасьць падарожжаў», — заявіў міністар, падкрэсьліўшы неабходнасьць паскорыць працэс спрашчэньня візавага рэжыму зь Беларусьсю. На яго думку, Эстонія можа адмовіцца ад аплаты візаў грамадзянамі Беларусі.