Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў заклікае спыніць перасьлед у Беларусі

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў зьвярнулася да ўладаў Беларусі з тэрміновай заявай, у якой заклікае ўрад Беларусі неадкладна спыніць усе формы перасьледу праваабаронцаў у краіне.

Заява зьвяртае ўвагу беларускіх уладаў на недапушчальнасьць перасьледу праваабаронцаў. У дакумэнце згадваецца нядаўняе папярэджаньне, вынесенае Беларускаму хэльсынскаму камітэту за зварот да спэцдакладчыка ААН па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў.

«Абсэрваторыя лічыць, што папярэджаньне, вынесенае БХК, зьяўляецца прамой расправай за законнае выкарыстаньне права падачы скаргаў у міжнародныя праваабарончыя структуры», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».