Амэрыканскі мэсыдж да беларускіх уладаў

Магчымыя санкцыі з боку ЗША ў дачыненьні да Беларусі будуць скіраваныя толькі на тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях у Беларусі, яны ня будуць ні ў якім разе накіраваныя супраць беларускага народу. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Мэлія.

Амэрыканскі дыплямат, які тры дні знаходзіўся ў Беларусі, яшчэ ва ўступным слове падкрэсьліў: яго візыт — незвычайны. Томас Мэлія прыляцеў у Менск на асабістае даручэньне дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан. Яна накіравала спадара Мэлія зь дзьвюма мэтамі — перадаць пэўны мэсыдж беларускаму ўраду і сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітычных арганізацый.

Пра сутнасьць пасланьня з Вашынгтону амэрыканскі дыплямат сказаў так:

Томас Мэлія
"Мэсыдж ураду вельмі просты. Мы працягнулі руку дружбы і прапанавалі пашырыць наша двухбаковае супрацоўніцтва. І, як мы казалі ўжо шмат разоў, пашырэньне нашых дачыненьняў залежыць ад сытуацыі з правамі чалавека і ад паляпшэньня дэмакратычных і палітычных працэсаў у Беларусі".

На пытаньні журналістаў, што неабходна зрабіць беларускім уладам, каб пазьбегнуць санкцыяў, высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат заявіў наступнае:

"Вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў турмах пасьля падзеяў 19 сьнежня. Зьняць усе абвінавачваньні зь іх і з тых, хто не знаходзіцца ў зьняволеньні".

Томас Мэлія сказаў, што Вашынгтон і Брусэль увесь час вядуць кансультацыі наконт магчымых санкцыяў. Ён сам на мінулым тыдні два дні прабыў у Брусэлі. Хто раней выкажа сваё рашэньне? — спыталіся ў амэрыканскага дыплямата. Адказ яго прагучаў так:

"Мы ўзгадняем нашу пазыцыю з пазыцыяй эўрапейцаў. Яны могуць быць абвешчаныя ў адзін і той жа дзень. Аднак я не магу гэтага абяцаць.

І вельмі шмат зараз робіцца дзеля таго, каб гэтыя санкцыі былі вельмі кропкавымі".

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі згадвае, што Злучаныя Штаты ў свой час прынялі спэцыяльны закон, які тычыцца толькі Беларусі — "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі":

Раман Якаўлеўскі
"Дзейнасьць гэтага закону штогод працягваецца. Штогод ён кладзецца на стол прэзыдэнта ЗША. І той штогод прымае рашэньне аб яго пралангацыі. А ўжо спэцыфіка ўжываньня гэтага закону ў тым, што яго не абавязкова выконваць у поўным аб'ёме. Калі адбываецца нешта станоўчае зь беларускага боку, то гэта ўлічваецца. Дык зараз усё, падобна, ідзе да таго, што закон пачне дзейнічаць цалкам".